Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Таццяна Цвірка
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Таццяна Цвірка"
ПРЫЙДЗІ, ПАЭЗІЯ!
Прыйдзі, я не здзіўлюся,
Калі парой начною
Табою акраплюся,
Як золкавай расою.
Уляці ў акно бяссоннае
Ты птушкаю параненай.
Сярод зімы сцюдзёнае
Сцяліся рунню ранняю.
Прыйдзі ў сны-небыліцы
Вяшчункай асляпляючай.
У сэрца бліскавіцай
Прарэжся, апякаючы.
Прыйдзі! Святой, сапраўднаю.
Суцішанай. Гарэзлівай.
Нястомнай. Беззаганнаю…
Прыйдзі, прыйдзі ,
Паэзія !
ГОСЦЯ ЖАДАНАЯ
Роўна-роўненька сыплюцца літары
у радочкі старога нататніка.
І натхненне вольнаразлітае
па задумках пырхае мятлікам.
А ці спраўдзіцца, а ці народзіцца
самабытнае і геніяльнае?
Думкі спорнымі гронкамі коцяцца…
Зноў малююць звыкла-банальнае.
Ночка волкая, поўная містыкі,
з-пад палы выпускае ўжо раніцу.
Не, не быць мне, відаць, мадэрністкаю…
Выціраю слязу-неслухмяніцу.
Хоць гуляе на ногу шырокую
арытмія неўтаймаваная.
Неба ў лужынах – хмельнавокае,
мне паэзія – госця жаданая!
МОЙ ВЕРШ
На золаку па лузе-дыване
збіраю водар зёлак самы першы.
Як хораша, як лёгка зараз мне –
пачуцці, бы расінкі, сыплю ў верш я.
У спадарожніцах трывога дзень у дзень,
і крыўда ў сяброўках… Не адбіцца!
Каб не пакутаваць, блукаць, як цень,
я вершам паспрабую падлячыцца.
Аднабаковасць, шэрасць ад быцця.
Верш, як бальзам гаючы, думкам, справам…
Мой верш, наіўны часам, як дзіця,
парой свабодны, ўпэўнены і сталы !
МОВА
Чаму я мову гэтую абрала?
Пытання, мабыць, не знайду лягчэй.
Мяне матуля “донечкаю” звала
З выразным цвёрдым беларускім “чэ”.
Чаму я мову гэтую абрала?
На ёй мне шэпча казкі вецярок.
На ёй салоўку ўлетку падпявала
пра “аксамітны зорны вечарок”
Чаму я мову гэтую абрала?
У творчы свет з яе пляту вянок.
Яе ўслаўлялі Колас і Купала,
на ёй гаворыць чыста мой сынок!
У вянок Скарыну
Першы ўскрык земляка славутага
праляцеў па-над княствам Літоўскім.
Абвясціў Полацк слынны пачутае:
«У купца Лукі – гонар бацькоўскі!»
Засвяціў у сям’і акрыленай,
як прамень – сын Георгій-Францішак.
Залатымі яму чарніламі
шлях жыццёвы гасподзь напіша.
І знітуе той шлях з Радзімаю
ды з народам яе паспалітым.
Праз стагоддзі высновы Скарынавы
з Беларуссю-матуляй спавіты.
Ён «разумнае, добрае, вечнае»
сеяў шчодра на роднай зямлі,
запаветы яго сардэчныя
ў мудрых кнігах на свет прараслі.
Хай лунае над Руссю Белаю
з тваім духам, наш Першадрукар,
слова шчырае, годна-смелае,
што пакінуў нашчадкам ты ў дар.
Т.Цвірка, г.Клецк.