Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Уладзімір Цанунін
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Уладзімір Цанунін"
ГУЧАЛА МУЗЫКА Ў ДУШЫ
Гучала музыка ў душы
Аркестрам сэрца мнагалікім.
Нібыта чарадзей вяршыў
Звышнезвычайны баль вялікі
На тонкай ноце ў вышыні
Акорды ціха заміралі,
А праз хвіліну цішыні
Ізноў навальваліся хваляй.
Літаўраў мілагучны звон
Знянацку стукаў моцна ў скроні.
Здавалася, што гэта сон,
Які трымаў душу ў палоне,
А нервы сціснуў у клубок,
Напоўніў сэрца неспакоем
І не даваў зірнуць у бок,
І проста варухнуць рукою.
Па скуры беглі мурашы,
Па твары слёзы, як на ліха.
Гучала музыка ў душы…
Але было навокал ціха.
НАША МОВА
З глыбіць сівых вякоў суровых
Праз забарон і ліхалецце
Пранеслі нашы продкі мову,
Найпрыгажэйшую ў сусвеце.
Народ наш мудры, працавіты,
Заўжды прымаючы рашэнні,
Не лез за словам сакавітым
І вельмі ёмкім «у кішэню».
А колькі бульбы назваў розных
Пачуць на Беларусі можна!
Ад Маларыты да Ліёзна
Свой дыялект у вёсцы кожнай.
Патрэбна гэтым ганарыцца,
Бо гэта – цуд, а не «трасянка».
Нажаль не часта мы ў сталіцы
Сваю гамонку чуем ранкам.
Народа мова не павінна
Забытай быць ні ў якім разе.
Нам гэты запавет Скарына
Пакінуў у далёкай Празе.
ПАЭЗІЯ
Паэзія – яна ў душы народа
З глыбінь вякоў былінных існуе,
Бо наша беларуская прырода
Ёй хараство і сілу надае.
І шэпат хваль Вяллі, і спеў птушыны,
І сонейка над паркавай гарой,
І пах мядовы бэзу і шыпшыны
Ўздымаюць летуценнікам настрой.
Пачуцці клічуць на пясчаны бераг
Да росных траў і чаратоў ракі.
І пад рукой знянацку на паперу
Кладуцца вершаваныя радкі.
І не бяда, што ёсць праблема з лірай,
І часта рыфмы якаснай няма.
Калі пісаў душой і сэрцам шчыра,
То гэта ўсё рабіў ты не дарма.
* * *
Сягодня мова продкаў пад пагрозай.
За гэта крыўдна, сорамна да слёз.
У вечнай мітусні жыццёвай прозы
Паэзію чакае марны лёс.
Усе насы схавалі ў інтэрнэце.
Ніхто ў бібліятэку не ідзе,
Бо корпаюцца, нібы куры ў смецці,
У «дзеяслоўна-якаснай» нудзе.
З эротыкаю зблыталі каханне,
Смакуюць брыдкаслоўныя радкі.
Сядзяць за маніторамі да рання
Жанчыны, дзеці, нават мужыкі.
Куды сумленне з годнасцю прапала?
Ты мне сур’ёзна, браце, падкажы.
Каб узняліся Колас і Купала,
То іх здзіўленню не было б мяжы.
НАШЧАДКІ СКАРЫНЫ
Без кнігі, вядома,
Пражыць немагчыма.
Яна ў кожным доме
У нас прад вачыма.
Нам продкі-славяне
Пакінулі мову.
Адвечна ў пашане
Прыгожае слова.
Каб кніга заўсёды
Была разам з намі,
З вялікай ахвотай
Бясконцымі днямі
І нават у ночку
Працуюць няспынна
Над кожным радочкам
Нашчадкі Скарыны.
КРЫЎДА
Ніхто ў паэзіі цяпер
Не адчувае асалоды.
Сусвет пазбавіўся папер.
Настала інтэрнэту мода.
У гэтым сметніку народ
Шукае розную брыдоту –
Глум вершаваны – гэты «плод»
Нібы скапіраваны з плоту.
І вельмі сорамна за нас.
Згубілі якаснае слова.
Таму пасрэднасць на Парнас
Нахабна лезе па галовах.
ПРЫЗНАННЕ
Пісаў у стол гадоў дзясятак
І рэдка друкаваў, але
Няхітрых вершаў цэлы статак
Ляжаў запылены ў стале.
Туды яшчэ падкідваў часам.
І гэты вэрхал ціха рос,
Пакуль не атрымаўся разам
Вялізны папяровы стос.
Яго я вытрас на падлогу
У першы раз за усе гады,
І з нечаканаю трывогай
Падумаў: «А цяпер куды?»
Хацеў іх выкінуць у смецце.
Але не змог, бо ў тым бяда,
Што вершы, нібы тыя дзеці,
Хоць і благія, а шкада.
АДКАЗНАСЦЬ
Калі бярэшся за пяро з паперай,
З надзеяй паказаць душы палет,
Пішы, каб твой чытач табе паверыў,
Інакш ты не паэт, а вершаплёт.
Адказнасць трэба мець з хвіліны першай
За думкі ўсе і ўсе свае радкі,
І рытм трымаць, а не скакаць па вершы,
Як жарабя па беразе ракі.
Калі ўсе рыфмы – толькі дзеясловы,
А сэнс нібыта ўзяты з небыцця,
Паэзіі не будзе адмысловай –
Такое зарыфмуе і дзіця.
Шукай сюжэт свой асабісты, новы,
І не чапай таго, што ўжо было.
Свая разынка – усяго аснова.
У ёй тваёй паэзіі святло.
Па сто разоў патрэбна ўсё адгладзіць,
Тады сапраўдны будзеш чарадзей.
Бо слова ў вершы, нібы дрэўца ў садзе,
Заўжды павінна радаваць людзей.