Паэтычны марафон «У вянок Свята беларускага пісьменства». Таццяна Цвірка

ТАЦЦЯНА ЦВІРКА

ПРЫЙДЗІ, ПАЭЗІЯ!

Прыйдзі, я не здзіўлюся,

Калі парой начною

Табою акраплюся,

Як золкавай расою.

Уляці ў акно бяссоннае

Ты птушкаю параненай.

Сярод зімы сцюдзёнае

Сцяліся рунню ранняю.

Прыйдзі ў сны-небыліцы

Вяшчункай асляпляючай.

У сэрца бліскавіцай

Прарэжся, апякаючы.

Прыйдзі! Святой, сапраўднаю.

Суцішанай. Гарэзлівай.

Нястомнай. Беззаганнаю…

Прыйдзі, прыйдзі ,

Паэзія !

ГОСЦЯ  ЖАДАНАЯ                        

Роўна-роўненька сыплюцца літары

у радочкі старога нататніка.

І натхненне вольнаразлітае

па задумках пырхае  мятлікам.

А ці спраўдзіцца, а ці народзіцца

самабытнае і  геніяльнае?

Думкі спорнымі гронкамі  коцяцца…

Зноў малююць  звыкла-банальнае.

Ночка волкая, поўная містыкі,

з-пад палы выпускае ўжо раніцу.

Не, не быць мне, відаць, мадэрністкаю…

Выціраю слязу-неслухмяніцу.

Хоць  гуляе на ногу шырокую

арытмія  неўтаймаваная.

Неба ў лужынах – хмельнавокае,

мне  паэзія – госця жаданая!

             МОЙ ВЕРШ

На золаку па лузе-дыване

збіраю водар зёлак самы першы.

Як хораша, як лёгка зараз мне –

пачуцці, бы расінкі, сыплю ў верш я.

 

У спадарожніцах трывога дзень у дзень,

і крыўда ў сяброўках…  Не адбіцца!

Каб не пакутаваць, блукаць, як цень,

я вершам паспрабую падлячыцца.

 

Аднабаковасць, шэрасць ад быцця.

Верш, як бальзам гаючы,  думкам, справам…

Мой верш, наіўны часам, як дзіця,

парой свабодны, ўпэўнены і сталы !

МОВА

Чаму я мову гэтую абрала?

Пытання, мабыць, не знайду  лягчэй.

Мяне матуля “донечкаю” звала

З выразным цвёрдым беларускім “чэ”.

 

Чаму я мову гэтую абрала?

На ёй мне шэпча  казкі вецярок.

На ёй салоўку ўлетку падпявала

пра “аксамітны зорны вечарок”

 

Чаму я мову гэтую абрала?

У творчы свет з яе пляту вянок.

Яе ўслаўлялі Колас і Купала,

на ёй гаворыць чыста мой сынок!

У вянок Скарыну

Першы ўскрык земляка славутага

праляцеў па-над княствам Літоўскім.

Абвясціў Полацк слынны пачутае:

«У купца Лукі – гонар бацькоўскі!»

Засвяціў у сям’і акрыленай,

як прамень – сын Георгій-Францішак.

Залатымі яму чарніламі

шлях жыццёвы гасподзь напіша.

І знітуе той шлях з Радзімаю

ды з народам яе паспалітым.

Праз стагоддзі высновы Скарынавы

з Беларуссю-матуляй спавіты.

Ён «разумнае, добрае, вечнае»

сеяў шчодра на роднай зямлі,

запаветы яго сардэчныя

ў мудрых кнігах на свет прараслі.

Хай лунае над Руссю Белаю

з тваім духам, наш Першадрукар,

слова шчырае, годна-смелае,

што пакінуў нашчадкам ты ў дар.

                          Т.Цвірка, г.Клецк.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.