Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Лёля Багдановіч

ЛЁЛЯ БАГДАНОВІЧ

ВОСТРАЎ МАР… 
На востраў мар згубілася дарога…
Ды пры жаданні можна адшукаць.
Гор залатых не кленчыла ў Бога –
Паспець бы слоў чароды пазбіраць

Ды апрануць у колеры вясёлкі,
Аздобіўшы пяшчотай і цяплом,
Каб кропелькамі роснымі на золку
І ластаўкай пад стрэшку ў кожны дом

Данесці мову дзеда і бабулі,
Як спадчыну вякоў, у нашы дні.
Каб не згубіліся і ў снах не патанулі
І нашы звычаі, і нашы карані…
02.08 – 2019 г.

МОВА ПРЫГАЖОСЦІ
Паэт, мастак і кампазітар,
Як тры вялізныя кіты,
Са словаў, гукаў і палітры
Будуюць вечнасці масты.

Яны стараюцца натхнёна
Спавіць імгненне ў прыгажосць.
У звыклых клопатах штодзённых
Знаходзяць рэдкаснае штось.

Уверх па лесвіцы майстэрства
Ім Муза пракладае след.
Пакуль такое ёсць братэрства,
Душою не збяднее свет!

СЛОВА
Слова бывае мудрым і добрым.
Вылечыць можа яно ад хваробы.
Слова балючае можа знявечыць
Альбо душу назаўжды пакалечыць.

Слова ратуе і забівае.
Лашчыць, зняважыць, сагрэе, натхняе.
Слоў не шкадуйце цёплых, пяшчотных.
Словам ратуйце старых і гаротных.

Добрае слова і кошцы прыемна.
Добразычлівымі будзьце ўзаемна!

РОДНАЯ МОВА
Родная мова – матчына мова.
Ззяе вясёлкай кожнае слова.
Кожная літара – кропля з крыніцы,
Колькі ні піў бы, не наталіцца.

Раны загоіць, дасць паратунак.
Дзедавых гусляў чароўныя струны
Кожнае сэрца спаўюць у пяшчоту,
Умомант прагоняць адчай і самоту.

Пацеркі-гукі складаюцца ў нізку.
Родная мова, голас твой чысты.
Кожнае слоўца зоркай крылатай
Кліча дзяцей да бацькоўскае хаты…

АДЗІНАЯ, ЯК МАЦІ!
Не трэба мовы роднае цурацца –
На покуце ёй месца, ля святых.
Я беларусам маю гонар звацца.
І памятаю продкаў я сваіх.

На мове роднай пела песні маці
І казкі баіла бабуля мне.
Дзяцінства ў вясковай нашай хаце
Дагэтуль прылятае да мяне.

Няхай сабе абутая ў лапці,
Ды зіхаціць, як зорачка ўначы.
Пяшчотная. Адзіная. Як маці!
І мы яе павінны зберагчы.

ПАЭЗІЯ – ГОСЦЯ НЯБЕСНАЯ
Паэзія – госця нябесная:
І радасць, і сум, і адчай,
І сэрца шчымлівая песня,
І слёзы, і боль у вачах.

Адкажа на ласку і здзекі,
У колер жыццё апране.
Паэзія – лепшыя лекі,
Якія ратуюць мяне!