Пра нас

Зарэгістравана пастановай калегіі ўпраўлення юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта 14 снежня 2006 года. Першым старшынёй аддзялення быў абраны вядомы паэт, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва, літаратурных прэмій імя Максіма Багдановіча Мінскага аблвыканкама і рэспубліканскага конкурсу «Залаты купідон» САКАЛОЎСКІ Рыгор Васільевіч. З 2011 да 2016 года пасаду старшыні займаў пісьменнік, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», літаратурнай прэміі «Залаты купідон», прэміі Саюза пісьменнікаў Расіі імя В. Пікуля, прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» КАРЛЮКЕВІЧ Алесь Мікалаевіч. З 21 лютага 2017 года да 18 лютага 2022 аддзяленне ўзначальвала БЫКАВА Святлана Анатольеўна – паэтэса, празаік, дзіцячая пісьменніца, перакладчыца, лаўрэат літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама і рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2013 года». 28 красавіка 2022 года на гэту пасаду быў выбраны КРЫВАНОС Леанід Міхайлавіч – празаік, паэт, публіцыст, лаўрэат Міжнароднага конкурсу на лепшы музычна-літаратурны твор, прысвечаны брацтву пагранічнікаў дзяржаў – удзельніц СНД (2002), Мінскай абласной літаратурнай прэміі ў намінацыі «Проза» (2015); дыпламант Саюза пісьменнікаў Беларусі па выніках рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2008 года» у галіне песеннага жанру.

Два пісьменнікі абласнога аддзялення з’яўляюцца заслужанымі дзеячамі культуры Беларусі: празаік, публіцыст ПРЫГОДЗІЧ Зіновій Кірылавіч і празаік, сцэнарыст ГОЛУБЕВА Наталля Аляксандраўна. Краязнаўца ЛІХАДЗЕДАЎ Уладзімір Аляксеевіч у 2024 годзе быў узнагароджаны прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Сярод літаратараў Міншчыны ёсць узнагароджаныя прэміяй “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай літаратурнай прэміяй.

Штогод з-пад пяра пісьменнікаў аддзялення выходзяць дзясяткі кніг прозы, паэзіі, публіцыстыкі, краязнаўства, сотні твораў публікуецца ў перыядычных выданнях. Адначасова выдаюцца і калектыўныя зборнікі. Сярод іх: «Міншчына літаратурная» (2014), «Радзіма. Адзінства. Перамога.» (2015), «Ад калыханкі да забаўлянкі» (2018), «Карані» (2020), «Званоў перазвон» (2023), «Радзімы песенныя сцежкі» (2024) і іншыя. Выпускаецца штогадовы даведнік выдадзеных кніг пісьменнікаў Міншчыны.

Кожны год з удзелам літаратараў аддзялення праходзіць шмат творчых сустрэч у школьных, студэнцкіх, працоўных і воінскіх калектывах. Пісьменнікі Міншчыны прымаюць актыўны ўдзел у мясцовых, абласных і рэспубліканскіх грамадска-палітычных і культурна-асветніцкіх мерапрыемствах. Удзельнічаюць у міжнародных літаратурных стасунках. Сумесна з Мінаблвыканкамам заснавана літаратурная прэмія Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Аддзяленне шчыльна супрацоўнічае з мясцовымі ўладамі, абласным выканаўчым камітэтам, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, перыядычнымі выданнямі і выдавецтвамі. Добрыя адносіны ўсталяваліся з бібліятэчнай сістэмай вобласці і ў прыватнасці з Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна, а таксама з аматарскімі і народнымі літаратурнымі аб’яднаннямі сталічнага рэгіёна.