Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Святлана Быкава
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Святлана Быкава"
Заўжды…
Зоркі на небасхіле,
Зоркі сярод людзей.
Час вымярае мілі –
Зоркі гараць ярчэй.
Памяці чалавечай
Нельга кароткай быць,
Бо з тых вытокаў вечных
Будуць нашчадкі піць.
Лёс песняра-паэта –
Гучна спяваць заўжды.
Высахне рэчка Лета
І адцвітуць сады –
Будзе складаць нанова
Вершы свае паэт,
Бо менавіта Слова
І сатварыла Свет.
Першы верш
Дзень нараджэння – люты:
Склаў першы верш паэт,
Калі ў мароз закуты
Яшчэ спаў белы свет.
Каб не было падману,
Пустых, нязначных слоў,
Паэт прачнуўся рана –
У зорны час высноў.
Выў за акенцам вецер,
Нёс велізарны стос
Хмар снегавых па свеце.
Паэт жа шэпт Нябёс
У шэрані світанку
Напружана лавіў.
Ружовы колер ранку
Благаславеннем плыў,
Апавясціўшы: «Аve!».
Паэт купаўся ў ім –
Здавалася, што нават
Над ім свяціўся німб.
…І раптам зарыпела
Напружана пяро:
Радкамі на паперу
Святло Нябёс лягло.
* * *
Беларусь! О, мой край дарагі!
Светла тут ад бяроз ды ад сонца.
Толькі цёмна ад шэрай тугі,
Што сцінае збалелае сэрца.
Зацямняе, крадзе белы свет
Бездухоўнасці гідасны морак,
І знікае ў той цемрадзі след,
Што вядзе да вытокаў, да зорак.
І ніколі ўжо, і нідзе
Мы не знойдзем ад згубы замову,
Калі страцім у бруднай вадзе
Абярэг – беларускую мову…
***
Мне грымнула Неба ў дзверы:
«Павер!» Адказала: «Веру!»
Яно надало мне сілы,
І я адрасціла крылы.
Мне Неба сказала Слова –
Я ў рукі ўзяла аловак.
«Пішы, – загадала, – вершы!»
І я напісала першы –
Пра восень жыцця, пра пожню…
Быў першы, будзе апошні.
А можа, яго не будзе…
Няхай мне даруюць людзі
За ўпартасць маю, за веру,
За спісаную паперу.
За тую скарынку хлеба,
Што ў рукі дало мне Неба…