Паэтычны марафон «У вянок Свята беларускага пісьменства». Святлана Быкава

СВЯТЛАНА БЫКАВА

Заўжды…

Зоркі на небасхіле,
Зоркі сярод людзей.
Час вымярае мілі –
Зоркі гараць ярчэй.

Памяці чалавечай
Нельга кароткай быць,
Бо з тых вытокаў вечных
Будуць нашчадкі піць.

Лёс песняра-паэта –
Гучна спяваць заўжды.
Высахне рэчка Лета
І адцвітуць сады –

Будзе складаць нанова
Вершы свае паэт,
Бо менавіта Слова
І сатварыла Свет.

Першы верш

Дзень нараджэння – люты:
Склаў першы верш паэт,
Калі ў мароз закуты
Яшчэ спаў белы свет.
Каб не было падману,
Пустых, нязначных слоў,
Паэт прачнуўся рана –
У зорны час высноў.

Выў за акенцам вецер,
Нёс велізарны стос
Хмар снегавых па свеце.
Паэт жа шэпт Нябёс
У шэрані світанку
Напружана лавіў.
Ружовы колер ранку
Благаславеннем плыў,
Апавясціўшы: «Аve!».
Паэт купаўся ў ім –
Здавалася, што нават
Над ім свяціўся німб.

…І раптам зарыпела
Напружана пяро:
Радкамі на паперу
Святло Нябёс лягло.

* * *
Беларусь! О, мой край дарагі!
Светла тут ад бяроз ды ад сонца.
Толькі цёмна ад шэрай тугі,
Што сцінае збалелае сэрца.

Зацямняе, крадзе белы свет
Бездухоўнасці гідасны морак,
І знікае ў той цемрадзі след,
Што вядзе да вытокаў, да зорак.

І ніколі ўжо, і нідзе
Мы не знойдзем ад згубы замову,
Калі страцім у бруднай вадзе
Абярэг – беларускую мову…

***
Мне грымнула Неба ў дзверы:
«Павер!» Адказала: «Веру!»
Яно надало мне сілы,
І я адрасціла крылы.
Мне Неба сказала Слова –
Я ў рукі ўзяла аловак.
«Пішы, – загадала, – вершы!»
І я напісала першы –
Пра восень жыцця, пра пожню…
Быў першы, будзе апошні.
А можа, яго не будзе…
Няхай мне даруюць людзі
За ўпартасць маю, за веру,
За спісаную паперу.
За тую скарынку хлеба,
Што ў рукі дало мне Неба…

комментария 2

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.

  • Аркадзь Жураўлёў, Ссылка

    Узнёсла і кранальна. Напачатку было зусім нечаканым, што мая былая калега па працы (я таксама працаваў у падатковай інспекцыі Маладзечна, хаця па першай асноўнай адукацыі журналіст) будзе так хутка ўздымацца па паэтычнай лесвіцы. Малайчына, Святлана Анатольеўна! З кожным новым творам Вы ўздымаецеся. Вельмі рады. Новых творчых задум і поспехаў!

    • manager-1, Ссылка

      Аркадзь Трафімавіч, шчыры дзякуй вам і за адзнаку маёй творчасці і за добрыя словы пажаданняў! Мне вельмі прыемна, і я рада, што працэс удадсканалення мяне, як творчай асобы, ідзе. Напэўна я не памылілася, калі змяніла сваю прафесію: з эканаміста на літаратара.