Ёсць на свеце куточак адзіны…
Ёсць на свеце куточак адзіны…
9 ліпеня, напярэдадні жніва, адбылося свята вёскі Чурылава Уздзенскага раёна.
Яго арганізатары і вядучыя (культработнікі Людміла Герасімовіч, Галіна Астравух, Ніна Русаковіч, мясцовы жыхар мастак Уладзімір Кучук) стварылі сапраўднае мастацкае дзейства. Любімаму мястэчку, адкуль родам пісьменнікі Алесь Якімовіч, Васіль Шырко, Таццяна Цехнебедзіна, прысвячаліся вершаваныя і празаічныя радкі, задушэўныя песні на мілагучнай беларускай мове.
Тут столькі жыта перажыта,
Тут столькі здзейснілася мар,
Што шум лясоў і звон крынічны
Прымаеш, як бацькоўскі дар…
У рамках свята прайшоў конкурс дзіцячага малюнка “Вёска пад купалам неба”. У Год гістарычнай памяці адбыўся велапрабег да помніка загінулым у гады вайны землякам, памяць якіх ушанавалі кветкамі і хвілінай маўчання. А асноўная частка мерапрыемства была прысвечана вясковым майстрыхам. Яны прэзентавалі выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Полаг неба, вышыты з хмар”. Непаўторныя вышыванкі, ручнікі, сурвэткі, дыванкі, вышытыя карціны стварылі рукі Веры Шырко і Сафіі Якімовіч, Галіны Дабрынеўскай і Паліны Міхед, Лідзіі Кучук і Сафіі Дуброўскай, Зінаіды Захаравай і Галіны Кучук. Гучалі песні і вершы пра родны край, любоў да Радзімы, здабыткі беларусаў у выкананні фальклорнага калектыву “Зараначка”. Ганаровымі гасцямі свята сталі экс-дыпламат – ураджэнец гэтых мясцін, а цяпер пастаянны жыхар вёскі – Віктар Гейсік, а таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі.
Матэрыял падрыхтаваў Віктар Сабалеўскі