У Мінскім раёне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 135-годдзю Янкі Купалы

22 чэрвеня 2017 года ў Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы адбыліся літаратурныя чытанні, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

Святочныя мерапрыемствы пачаліся з экскурсіі ў школьны літаратурны музей беларускага песняра. Кіраўнік Марына Аляксандраўна Мазепіна пазнаёміла гасцей з матэрыяламі экспазіцый і гісторыяй стварэння музея.

У літаратурных чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: старшыня Святлана Анатольеўна Быкава; паэтка Людміла Уладзіміраўна Круглік; паэтка Рэгіна Іосіфаўна Рэўтовіч. Адзначым, што на працягу ўсяго навучальнага года прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з ахвотай удзельнічаюць у юбілейных краязнаўчых мерапрыемствах, прысвечаных беларускім пісьменнікам – ураджэнцаў Міншчыны.

Для ўсіх прысутных навуковы сакратар дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Юр’еўна Воранава прадставіла прэзентацыю «Дарогамі Янкі Купалы».

Малавядомую старонку з жыцця Купалы прыадчыніў кіраўнік Музея транспартных войскаў (г. Слуцк) Ігар Аляксандравіч Кунцэвіч у прэзентацыі «Ваенны дзённік Івана Луцэвіча», бо менавіта ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай вайсковай акругі служыў Янка Купала падчас Першай сусветнай вайны.

Члены аб’яднання па інтарэсах «Музеязнаўства» Сеніцкай школы Ксенія Лапко і Віта Седы прадставілі даследчую працу «Сеніцы – 450: старонкі гісторыка-культурнай спадчыны аграгарадка».

Творчая група з сярэдняй школы № 13 г. Барысава падарыла музею Сеніцкай школы рэтраальбом і музычны калейдаскоп «Янка Купала», аўтары якога: Кацярына Вітальеўна Засковіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце; Ганна Міхайлаўна Марозава, педагог-псіхолаг; Таццяна Барысаўна Аль Харба, педагог-арганізатар; Марына Аляксандраўна Куліновіч, інжынер-праграміст.

Кульмінацыяй Купалаўскіх урачыстасцяў стала выступленне паэтак Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святланы Анатольеўны Быкавай, Людмілы Уладзіміраўны Круглік і Рэгіны Іосіфаўны Рэўтовіч. Яны прадставілі слухачам свае вершы, прысвечаныя як Янку Купалу, так і маляўнічым куткам Беларусі. У дар музею паэткі перадалі свае паэтычныя зборнікі, якія, несумненна, зоймуць ганаровае месца ў новых экспазіцыях школьнага музея Янкі Купалы.

У гонар юбілею з дня нараджэння паэта творчай групай Сеніцкай школы была створана тэатралізаваная краязнаўчая рэканструкцыя «Яська Луцэвіч — вучань Сеніцкага народнага двухкласнае вучылішча». Ролі на выдатна выканалі навучэнцы: Паліна Аўдашкава, Мікіта Краўчанка, Данііл Кульчыцкі, Раман Главінскі).

Выкладчык беларускай мовы і літаратуры Тамара Іванаўна Прышчэпа правяла акцыю «Чытаем Купалу разам», у якой гучалі вядомыя вершы класіка ў выкананні гасцей мерапрыемства.

Інсцэніроўка з п’есы «Паўлінка» завяршыла літаратурныя чытанні, прысвечаныя 135-годдзю Янкі Купалы. Ролі выконвалі выкладчыкі Сеніцкай школы: Сяргей Леанідавіч Янушка, Вольга Аляксандраўна Суданова-Люцко, Марына Ігараўна Сіняк, Яўген Мікалаевіч Церашкевіч, Алена Мікалаеўна Новікава, Сняжана Аляксандраўна Кірпічонак. Яркае выступленне педагогаў пакарыла ўдзельнікаў мерапрыемства.

У гонар святкавання юбілею Купалы на возера аграгарадка Сеніца былі пушчаны вянкі з палявых кветак і лясных траў.

Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі