Лета – пара адпачынку і  добрых сустрэч

Лета – пара адпачынку і  добрых сустрэч

“Лета з добрай кнігай” – акцыя, якая праходзіць штогод у Беларусі і закранае шмат устаноў, якія працуюць з выхаваннем дзяцей. Для ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – гэта магчымасць сустрэч з юнымі чытачамі ў сценах бібліятэк і дзіцячых  аздараўленчых лагераў.

У гэтым годзе Мінскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” актыўна прымае ўдзел у правядзенні такіх сустрэч. План мерапрыемстваў пад грыфам “Лета з добрай кнігай” быў складзены пры дапамозе ДУ “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” і  прадугледжвае правядзенне сустрэч пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення з маленькімі чытачамі ў летнія месяцы бягучага года  ў 20 раёнах Мінскай вобласці.

Згодна з планам 25 членаў аддзялення правядуць такія творчыя сустрэчы, прычым некаторыя з іх плануюць сустрэцца з дзецьмі некалькі разоў за лета. Актыўна ўдзельнічаюць у акцыі “Лета з добрай кнігай”  Уладзімір Цанунін, Людміла Круглік, Лёля Багдановіч,  Валянціна Гіруць-Русакевіч, Ганна Міклашэвіч, Рэгіна Рэўтовіч, Віктар Кажура, Сяргей Клімковіч, Галіна Нічыпаровіч, Таццяна Цехнебедзіна і іншыя.  План прадугледжвае правесці больш за 40 мерапрыемстваў, але, мяркую, што іх адбудзецца значна больш, таму што пісьменнікі і самі праяўляюць ініцыятыву і ладзяць дадатковыя сустрэчы з дзецьмі.

Мне як паэтцы, якая піша вершы не толькі для дарослых, але і для дзяцей, таксама нельга было не сустрэцца з маленькімі чытачамі. Першую сустрэчу ў рамках акцыі “Лета з добрай кнігай” я правяла ў Гатаўскай бібліятэцы з вучнямі мясцовай школы. Мерапрыемства асвятлялася раней ў адным з артыкулаў, змешчаных на нашым сайце.

На мінулым тыдні я правяла яшчэ дзве такія сустрэчы: у бібліятэках пасёлкаў Ратамка і Пятрышкі (20 і 21 чэрвеня). Усё мерапрыемствы прайшлі цёпла, шчыра, весела. Дзеці прымалі актыўны ўдзел у разгадванні загадак на беларускай мове, чыталі свае вершы, успаміналі і чыталі вершы іншых аўтараў. Самыя актыўныя з юных удзельнікаў мерапрыемства атрымалі падарункі – мае асабістыя кніжкі казак і вершаў.

На фотаздымках: сустрэчы Святланы Быкавай з юнымі чытачамі ў пасёлках Ратамка і Пятрышкі (20.06.2017 і 21.06.2017).

Выказваю шчырую ўдзячнасць усім тым пісьменнікам нашай вялікай літаратурнай суполкі, хто не адмовіўся і знайшоў магчымасць прыняць удзел у правядзенні акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Жадаю ўсім поспехаў і добрых уражанняў ад сустрэч з маленькімі чытачамі, цёплага лета і прыемнага адпачынку!

Святлана Быкава,

старшыня

Мінскага абласнога  аддзялення

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.