«Таленты ад роднай зямлі» – творчы вечар ТАЦЦЯНЫ ЦВІРКА

Напярэдадні Дня настаўніка адбылася цікавая сустрэча з Таццянай
Цвірка ў яе роднай вёсцы Рассветнай, што на Клеччыне. Ужо стала
традыцыяй: новы выхад кнігі сваёй зямлячкі адзначаць у родных сценах
мясцовага Дома культуры. Так было ў 2018 годзе, калі выйшла паэма
Таццяны Канстанцінаўны “Зноў з табой я, месцейка святое”, прысвечаная
роду, вёсцы, землякам. І роўна праз два гады ў зале зноў мнагалюдна: акрамя
вяскоўцаў, былых суседзяў, на сустрэчу прыйшлі Таццяніны настаўнікі,
вучні мясцовай школы, завіталі госці з раёна. Прысутныя пазнаёміліся з
чарговым вершаваным зборнікам, напісаным на дзвюх дзяржаўных мовах і
выданым у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі “І толькі май іх не забудзе…”
Да дробязяў прадумалі сцэнарый арганізатары. Змястоўны ўступ
вядучай, загадчыка Галавацкай сельскай бібліятэкі Галіны Васільеўны
Карсюк, выступленні школьнікаў, якія прыгожа дэкламавалі вершы са
зборніка Т. Цвірка, дыялогі з прысутнымі: пытанне-адказ, шмат цудоўных
песень у выкананні самадзейных артыстаў, жаночай вакальнай групы
“Рэчанька” і нават вяскоўцаў, нікога не пакінулі раўнадушным.
Шчырасць і па-сапраўднаму душэўнае цяпло панавалі ў зале на працягу
дзвюх гадзін. Тэма вайны вельмі кранальная, напэўна, таму ніхто з
прысутных не хаваў набягаючых слёз, ды і нельга было іх стрымаць, калі так
пранікнёна чыталіся вершы “Маналог апошняй франтавой удавы”, “13-
гадовы партызан”, “Кацюша”…
Шмат добрых слоў у адрас кнігі пачула віноўніца ўрачыстасці ад
гасцей свята. Верыцца, што кніга знойдзе сваіх чытачоў, у яе будзе шчаслівы
лёс! Шчаслівым выдаўся гэты восенькі дзень і для яе аўтара. Т.Цвірка
павіншавала кветкамі сваіх настаўнікаў, падарыла ім на ўспамін свае кнігі. З
задавальненнем падпісала кнігі на добрую памяць і сваім землякам. А
напрыканцы зрабілі яркую фотасесію і накрылі святочны стол! Творчы вечар
адазваўся ў душы кожнага, бо на развітанне землякі ўпэўнена паўтаралі: “Да
новых сустрэч! Да новай кнігі, Таццяна!”
                                                                                              Прэс-служба МАА ГА СПБ