ЛІТАРАТУРНАЕ ПАДАРОЖЖА “МІНСК-ЛЕПЕЛЬ”

 

У верасні пісьменнікі ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» здзейснілі літаратурнае падарожжа.  Маршрут пралягаў ад Дома літаратараў у цэнтры Мінска да горада Лепеля Віцебскай вобласці.  Першым прыпынкам спадарожнікаў стала ўскраіна горада Лагойска, дзе пісьменнікі пабывалі на месцы масавых расстрэлаў чырвонаармейцаў і мясцовых жыхароў  у гады Вялікай Айчыннай вайны.  Пра падзеі тых далёкіх гадоў распавёў свой аповед Дзмітрый Імховік, які працуе над стварэннем памятнага мемарыяла.

Другі прыпынак пісьменнікі зрабілі ўжо на Віцебшчыне.  У Лепельскай раённай бібліятэцы літаратараў з нецярпеннем чакалі супрацоўнікі бібліятэкі, старшакласнікі, удзельнікі мясцовага літаратурнага аб’яднання і аматары паэзіі. Перад слухачамі слова трымалі: паэты Святлана Быкава, Іна Фралова, Леанід Багдановіч, Вольга Сакалова, пісьменнікі Віктар Праўдзін, Анатоль Мацьвіенка, Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Тулінаў. З боку гаспадароў літаратурнай імпрэзы з поспехам выступіў Аляксандр Вашчанка і дырэктар бібліятэкі Алена Мазго. Кожны з пісьменнікаў у якасці памятнага падарунка пакінуў у бібліятэцы свае ўласныя кнігі з асабістымі аўтографамі.

Далейшы шлях літаратурнага дэсанту ляжаў у Хату-музей класіка беларускай літаратуры Петруся Броўкі. Музей знаходзіцца недалёка ад горада Лепеля ў вёсцы Пуцілкавічы.  Дырэктар музея быў рады гасцям і правёў змястоўную экскурсію, а пісьменнікі пакінулі ў Памятнай кнізе музея  падзячныя запісы.

Прэс-служба МАА ГА СПБ