Сумная навіна
У гэтыя святочныя дні пайшоў з жыцця ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пісьменнік Васіль Рыгоравіч Гурскі.
Васіль Рыгоравіч нарадзіўся 11 лістапада 1922 года ў вёсцы Замосце Уздзенскага раёна. Пасля заканчэння школы год працаваў паштальёнам, потым вучыўся ў Мінскім педагагічным тэхнікуме. Але вучобу перарвала Вялікая Айчынная вайна. З 1942 года – у партызанах, атрад імя Чапаева, пасля атрад імя Дунаева на Капыльшчыне. Быў кулямётчыкам, падрыўніком, а вясной 1944 года – памочнікам камісара атрада па камсамоле.
Пасля вызвалення Беларусі аднаўляў школу ў вёсцы Міколкі Уздзенскага раёна, а потым – у армію, калясіў па Еўропе: Румынія, Венгрыя,Аўстрыя. Пасля разгрому Германіі трапіў у Запарожжа, адтуль і дэмабілізаваўся як настаўнік. Скончыў завочна Мінскі педагагічны інстытут.
Працаваў загадчыкам школ на Уздзеншчыне. Тут і пачаў пісаць, успаміны друкаваў у розных газетах. Першая кніга дакументальнай прозы з’явілася ў 1974 годзе – “Жывы падарунак”. Галоўная тэма яго творчасці – апавяданні пра людзей, якія праявілі мужнасць у барацьбе супраць фашыстаў. Гэтаму прысвечаны яго шырокавядомыя кнігі «Ля вытокаў Нёмана», «Хмары над Міншчынай», «Пушчы і дубровы славай шумяць» і іншыя. Усяго выйшла ў свет 31 кніга.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалямі.
Мінскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” глыбока смуткуюць з прычыны смерці пісьменніка Васіля Рыгоравіча Гурскага і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.