Сталі кнігі бліжэй

Сталі кнігі бліжэй.

18 мая ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Пранузы прайшоў ІV фестываль кнігі

“Акрыленыя чытаннем”.

Гэтае мерапрыемства, якое ўжо стала традыцыйным у раёне, сабрала нямала сапраўдных прыхільнікаў літаратуры, аўтараў кніг і чытачоў. Спачатку гасцей (а на гэты раз імі сталі сябры Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоя Кулік, Ірына Токарава, Святлана Бахнова і Віктар Сабалеўскі, а таксама загадчык аддзела рэспубліканскага выдавецтва “Народная асвета” Жанна Рэзнік) пазнаёмілі з умовамі, у якіх працуюць нясвіжскія бібліятэкары. Будынак гэтай установы культуры пабудаваны крыху раней, чым уздзенскі Палац культуры, у 2008 годзе, і тут зроблена ўсё магчымае, каб кніга была даступнай чытачам любога ўзросту, густу. Акрамя традыцыйных для кожнай бібліятэкі чытальнай і абанеменцкай залаў, тут цудоўна абсталяваны дзіцячыя куткі, пакой “Гарады-пабрацімы” (аб міжнародным супрацоўніцтве ўстановы), духоўна-асветніцкі цэнтр “Існасць”, музейная экспазіцыя “Голасам свайго пакалення”, а асобны пакой адведзены для вучонага сакратара.

Пашырылі нашы веды пра цудоўны нясвіжскі край і кадры відэафільма. У канферэнц-зале бібліятэкі пісьменнікі выступілі з кароткім прывітальным словам перад супрацоўнікамі і наведвальнікамі ўстановы, чытачамі, вучнямі гарадскіх школ. З цікавасцю праслухалі прысутныя словы Віктара Сабалеўскага — члена Мінскага абласнога аддзялення СПБ — пра багатыя літаратурныя традыцыі Уздзеншчыны. Педагог па адукацыі Ірына Токарава запрасіла чытачоў звярнуць увагу на кнігі духоўнай скіраванасці, а Святлана Бахнова – на дзіцячую літаратуру. Аб важнасці папяровай кнігі ў справе выхавання будучага пакалення гаварылі ўраджэнка Нясвіжшчыны Зоя Кулік і прадстаўніца выдавецтва Жанна Рэзнік. А затым дырэктар бібліятэкі Аксана Рыжыкава запрасіла ўдзельнікаў і гасцей фестывалю бліжэй пазнаёміцца, прыняць удзел у прэзентацыі творчых праектаў пісьменнікаў.

У краязнаўчай зале Віктар Сабалеўскі пазнаёміў дзевяцікласнікаў са сваёй новай кнігай “Вятры перамен”. У аднайменнай паэме ў паэтычнай форме распавядаецца пра амаль стогадовы лёс Лашанскай сярэдняй школы, этапы станаўлення народнай адукацыі на Уздзеншчыне і выпрабаванні, што выпалі на долю нашых продкаў у мінулым стагоддзі. Школьнікі ўважліва слухалі і творы лірычнага, грамадзянскага гучання, байкі і гумарэскі, вершы пра каханне. Было шмат пытанняў, аўтары найбольш цікавых атрымалі ў падарунак кнігі з аўтографам паэта.

   

У інфармацыйна-выставачнай зале бібліятэкі Зоя Кулік прэзентавала чытачам сваю краязнаўчую кнігу “Ад Нясвіжа да Грунвальда”. Святлана Бахнова захапіла дзяцей малодшых класаў кнігай “Маленькие истории о большой дружбе”. А старшакласнікі даведаліся шмат чаго павучальнага ад Ірыны Токаравай, якая ў кнізе “Хочу жить” узняла праблему наркатычнай залежнасці ў маладзёжным асяроддзі. Пісьменнікі перадалі названыя вышэй і іншыя свае кнігі ў дар бібліятэцы.

Заключным этапам фестывалю стаў круглы стол “Час чытаць”. У творчай дыскусіі пісьменнікі, члены мясцовага літаб’яднання, супрацоўнікі і чытачы бібліятэкі разам шукалі адказы на такія пытанні: “Як зацікавіць дзяцей да чытання?”, “У чым адметнасці дзіцячай літаратуры?”, “Аб ролі крытыкі ў творчым працэсе”, “Тэма духоўнасці ў літаратуры” і іншыя.

На працягу дня ў фае бібліятэкі працавала выстаўка-продаж кніг выдавецтва “Народная асвета”.

Па матэрыялах Уздзенскай раённай газеты «Чырвоная зорка»