“Маладзечна-2019” прымала гасцей

Аднымі з першых гасцей, якія завіталі на Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019», сталі беларускія пісьменнікі. Раніцай 7-го чэрвеня ў вёсцы Вязынка дэлегацыю  літаратараў з караваем і песнямі гасцінна сустракалі супрацоўнікі музея імя Янкі Купалы і прадстаўнікі ўлад Маладзечненскага раёна. Ля помніка Янкі Купалы прагучалі прывітальныя словы гасцям, а паэты ў вершваныах радках, аддалі даніну павагі Вялікаму Песняру.

Далей шлях пісьменніцкай дэлегацыі ляжаў праз Цэнтр традыцыйнай беларускай культуры і побыту, які знаходзіцца ў вёсцы Плябань Маладзечненскага раёна. Супрацоўнікі Цэнтра правялі экскурсію па памяшканнях будынка Цэнтра і пазнаёмілі літаратараў са старажытнымі народнымі танцамі, прычым пісьменнікі з’явіліся непасрэднымі іх удзельнікамі. А напрыканцы жывы пісьменніцкі ланцужок закруціўся ў агульны харавод…

У горадзе Маладзечна, куды ўдзень прыбылі госці, пісьменніцкую дэлегацыю  чакала праца. Паэты і спевакі Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на сцэне Маладзечненскай дзіцячай школы мастацтваў прадставілі сваю творчасць у музычна-паэтычнай імпрэзе пад назвай “Мой родны кут, як ты мне мілы”. З прывітальным словам і вершамі перад прысутнымі выступіла старшыня аддзялення Святлана Быкава. Вядучай праграмы была вядомая дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Перапоўненая зала школы мастацтваў бурна апладыравала таленавітым выступоўцам: Таццяне Дашкевіч, Уладзіміру Цануніну, Кастусю Цыбульскаму, Лёлі Багдановіч, Дзмітрыю Краскоўскаму, Яўгену Пясецкаму, Марыі Шэбанец.

Надалей члены пісьменніцкай дэлегацыі сталі сведкамі і ўдзельнікамі яшчэ дзвух цудоўных мерапрыемстваў, зладжаных грамадскім аб’яднаннем “Саюз пісьменнікаў Беларусі”: імпрэзы пад назвай “Суразмоўцы”, якую праводзіў галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч і канцэрта на галоўнай сцэне Маладзечненскага Палаца культуры. Вядучымі вялікай пісьменніцкай імпрэзы былі намеснік старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”  Алена Стэльмах і Навум Гальпяровіч. З вялікім поспехам у канцэрце выступілі Мікола Мятліцкі, Сяргей Давідовіч, Уладзімір Мазго, Андрэй Скарынкін, Вадзім Спрынчан, Змітрок Марозаў, Кастусь Цыбульскі і іншыя пісьменнікі.

Увечары, стомленыя, але задаволеныя і ўдзячныя гасцінным гаспадарам Свята, пісьменнікі ад’ехалі дадому, а тыя, хто застаўся, сталі сведкамі ўрачыстага адкрыцця фестываля.

                                                                                                                                                            Прэс-Цэнтр МАА ГА СПБ