Сербія – Беларусь. Стасункі доўжацца і мацнеюць

Сербія – Беларусь. Стасункі доўжацца і мацнеюць

Міжнародны літаратурны фестываль «INĐIJA PRO POET 2019» у чацвёрты раз прайшоў у Сербіі. Літаратурны форум сабраў пісьменнікаў з трыццаці краін свету. У другі раз  пісьменніцкую суполку Беларусі на аўтарытэтным фэсце прадставіла паэтэса, перакладчыца Марыя Кобец. Аб пісьменніцкім фэсце і яго цікавостках –  наша сённяшняя размова.

1. Спадарыня Марыя, распавядзіце крыху пра літаратурны форум, удзельніцай якога Вы сталі.

– Міжнародны літаратурны фестываль «INĐIJA PRO POET 2019» у чацвёрты раз праходзіць у Сербіі і ўжо даволі ўпэўнена заявіў пра сябе як вялікі, сур’ёзны, значны літаратурны форум, што пачэсна заняў сваё месца на сусветнай карце літаратурных падзей. Яго арганізатарамі традыцыйна выступілі Асацыяцыя «Мой Срем» (Udruženje «Moj Srem»), Культурны цэнтр «Інджыа» («Indjija») і Нацыянальная бібліятэка Др. Джорджа Натошэвіча” («Dr đorđe Natošević», Indjija),  на чале ўсёй арганізатарскай суполкі выступіў муніцыпалітэт горада  Інджыа.

Дырэктар фестывалю «INĐIJA PRO POET 2019» – мой даўні сябар выдатны сербскі сучасны пісьменнік, прэзідэнт Фонду эмігрантаў Сербіі Міядраг Якшыч за кароткі тэрмін паспеў аб’яднаць на гасціннай сербскай зямлі паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў з трыццаці краін свету. Пісьменнікі з Сербіі, Індыі, Расіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ізраіля, Грэцыі, Турцыі, Балгарыі, Ірана, Беларусі, Канады, Азербайджана, Румыніі, Ісландыі, Калумбіі, Бразіліі, Іспаніі, Паўночнай Македоніі, Славеніі, Партугаліі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Аўстрыі, Кіпра, Францыі, Іраку, Украіны, Егіпту, Чарнагорыі, Венгрыі  сабраліся на надзвычай гасціннай сербскай зямлі. Прыемнай цікавосткай форуму сталі білборды з інфармацыяй аб фестывалі, а таксама  з партрэтамі ўдзельнікаў форуму і цытатамі  іх вершаў. Гэтыя білборды былі ўсталяваны ля аўтамабільных дарог, на вуліцах горада Інджыа, на пешаходнай вуліцы, таму жыхары рэгіёну маглі пазнаёміцца з сучаснымі літаратарамі, удзельнікамі фестывалю,  яшчэ да пачатку форуму.

2. Цікава, а як была арганізавана праграма фестывалю?

– Праграма фестывалю была арганізавана ў чатырох месцах горада Інджыа (Культурны цэнтр, бібліятэка доктара Джорджа Натошэвіча, Дом Вайновіча, плошча Мілункі Савіч), а таксама ў горадзе Новы-Сад і ў сталіцы краіны – Бялградзе. Акрамя традыцыйных фестывальных праграм («Літаратурныя мерыдыяны», «Літаратурныя ранішнікі», «Прэзентацыі новых кніг» і «Вялікі літаратурны сход»), удзельнікі форуму таксама правялі літаратурныя ўрокі ва ўсіх сярэднеадукацыйных школах муніцыпалітэта Інджыа. Апроч удзелу ў літаратурных імпрэзах, мы вельмі шмат вандравалі: нацыянальны парк «Фрушка Гора», «Срэмскі Карловцы», манастыр «Крушэдол», «Калемендан парк» і іншы… Пазнаёміліся з галоўнымі адметнасцямі Бялграда (Храм Святога Савы, Нацыянальная бібліятэка Сербіі, Чубурскі парк, пешаходная вуліца Князя Міхайла, музей футбольнага клуба «Црвена Звезда»),  пабывалі нават  на дэгустацыі шыкоўнай віннай прадукцыі «Мачков подрум». І я ў чарговы раз упэўнілася – Сербія «много лепа»! (серб.: надзвычай прыгожая).

3. Наколькі я ведаю, Вы ўжо ў другі раз на літаратурным форуме ў Інджыа, раскажыце, калі ласка, ці меў 4-ы міжнародны форум нейкія адметнасці?

– Так, на форуме я ўжо другі раз,  вельмі спадзяюся, што і не апошні, бо дзякуючы Міядрагу Якшычу і Аляксандры Радаковіч арганізацыя фестывалю настолькі дасканалая і прыём такі цёплы, што кожны раз, ад’язджаючы адсюль, даю сабе зарок зноў вярнуцца сюды. Але… на ўсё воля Боская… Спадзяюся, так і будзе…

Сёлетні фестываль падарыў для мяне вялікую колькасць сяброў-літаратараў. З асаблівай цеплынёй я буду ўспамінаць надзвычай пяшчотную Рэшму РАМЕШ з Індыі, Ганну ЧАХАРОЎСКУ з Польшчы, Ёвіца ІЛІЧА з Паўночнай Македоніі, Хрыстоса КУКІСА з Грэцыі, Руі КОІАСА з Партугаліі, Андрулу ШАЦІ з Кіпра, Нэду ГАЎРЫЧ з Босніі, Радаміра УЛЯРАВІЧА і Міліцу БАКРАЧ з Чарнагорыі, Элку СТАЯНАВУ з Балгарыі, Грга ОЛАХА з Венгрыі, Ёвану ОСТАІЧ з Сербіі. Творчае сяброўства паміж намі, думаю, будзе найбольш плённым.

Рэшма Рамеш (Індыя) і Марыя Кобец

А ўвогуле, што датычыць  узнагарод, то пераможцам Гран-пры фестывалю «GRAN PRI  «PRO POET» ў гэтым годзе стаў вядомы сербскі паэт Перо Зубац. Узнагарода лаўрэату была ўручана падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю ў суботу, 1 чэрвеня, у Доме Вайновіча. Лаўрэатамі гэтай прэміі мінулых гадоў ужо былі Мація Бечкавіч і Мілаван Вітэзавіч. Асаблівай  адметнасцю фестывалю гэтага году стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Мінскім абласным аддзяленні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Фондам эмігрантаў Сербіі ў рэгіёне. Аб гэтым было урачыста аб’яўлена падчас урачыстай міжнароднай імпрэзы ў Культурным Цэнтры г. Інджыа. Падчас свайго выступу  я з высокім гонарам і прывітальным словам ад літаратурнай суполкі Беларусі ўручыла сімвал пісьменніцкай арганізацыі – статуэтку  грамадскага аб’яднання, а таксама ліст падзякі дырэктару фестывалю Міядрагу Якшычу за актыўную працу на ніве развіцця міжнародных літаратурных стасункаў.

4. З якімі думкамі вяртаецеся дамоў, Марыя, з якімі планамі і спадзевамі?

– Па-першае, вяртаюся з вялікім сумам ад таго, што міжнародны літаратурны фэст урэшце скончыўся; па-другое, – з вялікім гонарам, што на такім узроўневым аўтарытэтным форуме менавіта мне давялося прадстаўляць нашу літаратурную суполку; па-трэцяе, – з пэўным спадзевам, што вынікі гэтага міжнароднага творчага сяброўства дадуць вялікі плён; а яшчэ з найбольшым – што ў хуткай будучыні лепшыя прадстаўнікі літаратурнай інтэлігенцыі розных краін таксама змогуць убачыць Беларусь як краіну з вялікім патэнцыялам у галіне развіцця мультыкультуралізму праз культываванне літаратуры і паэзіі.

 

Бялград-Мінск                                       

Гутарыла Даяна Лазаравіч