Любоў Фрыд – бібліятэказнаўца з Пухавіч

Любоў Фрыд – бібліятэказнаўца з Пухавіч

 Старажытнае мястэчка Пухавічы, якое месціцца непадалёку ад Мар’інай Горкі – Пухавіцкага раённага цэнтра, багата на славутых ураджэнцаў. Тут нарадзіліся вучоныя, вайскоўцы, пісьменнікі, краязнаўцы… У мясцовай школе вучыліся два Героі Савецкага Саюза. Назаву імёны хаця б некаторых знакамітых пухавіччан.  Доктар медыцынскіх навук Арнольд Смеяновіч, доктар палітычных навук Мікалай Лабуш, акцёр Аляксандр Лабуш, кнігавыдавец Леў Стронгін, генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык, паэтэса і журналістка Вольга Савасцюк…

Ёсць яшчэ адна постаць, якая мае дачыненне да Пухавіч літаратурных, кніжных – Любоў Саламонаўна Фрыд (1892 – 1991), якая нарадзілася ў старажытным мястэчку ўжо больш за стагоддзе таму. Закончыўшы гімназію, Люба Фрыд спрычынілася да асветніцтва, бібліятэчнай справы. З 1920 года наша зямлячка – інспектар, загадчык сектара Маскоўскага абласнога аддзела народнай адукацыі. З 1930 года працавала на кафедры палітасветпрацы Акадэміі камуністычнага выхавання Наркамасветы РСФСР.

У 1938 годзе Любоў Фрыд пераязджае ў Ленінград. Загадвае кафедрай палітасветпрацы Камуністычнага палітыка-асветнага інстытута імя Н. К. Крупскай. А ў ліпені 1941 года – у сувязі з рэарганізацыяй ВНУ – Любоў Саламонаўна становіцца дырэктарам Бібліятэчнага інстытута (да лютага 1942 г.). У 1942 – 1945 гг. Л. С. Фрыд – дырэктар Разанскага педагагічнага інстытута. Пасля ўраджэнка Пухавіч на працягу пяці гадоў загадвала кафедрай педагогікі і псіхалогіі Маскоўскага інстытута культуры. Любоў Фрыд – не толькі педагог, але і вядомы тэарэтык і практык культасветработы, даследчык творчасці Надзеі Канстанцінаўны Крупскай; аўтар звыш 20 навуковых прац. Яшчэ ў 1920-ыя гады вядомасць набылі ўкладзеныя педагогам апавяданні да буквара “Наша сіла – наша ніва” – “Раней і зараз” (зборнік пабачыў свет у выдавецтве “Долой неграмотность” у 1926 годзе). У суаўтарстве з іншымі калегамі Любоў Фрыд уклала і метадычныя рэкамендацыі “Як навучаць грамаце па буквару “Наша сіла – наша ніва” (таксама былі выдадзены масавым накладам у 1926 годзе), а таксама – “Праграму для школ малаграматных і агульнаадукацыйных гурткоў” (выдадзена ў 1924 годзе; другое выданне – 1925).

Любоў Саламонаўна – аўтар кніг, брашур, манаграфічных даследванняў “Нарысы па гісторыіразвіцця палітыка-асветніцкай работы ў РСФСР: (1917 – 1929)” (1941), “Асноўныя прынцыпы культурна-асветніцкай работы ў СССР” (1954), “Культурна-асветніцкая работа ў Расіі ў гады рэвалюцыі 1905-1907 гг.” (1956), “Пытанні культурна-асветніцкай работы ў Зборы педагагічных твораў Н. К. Крупскай” (1962) і інш.

Фрыд – распаўсюджанае на Пухавіччыне прозвішча. Відаць, шмат хто з блізкіх родзічаў Любові Саламонаўны закатаваны гітлераўцамі ў Вялікую Айчынную вайну… А што да вядомага бібліятэказнаўцы, публіцыста, вучонага, то, на вялікі жаль, ніякіх звестак пра тое, ці прыязджала яна пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Пухавічы, знайсці не ўдалося.

 

Алесь Карлюкевіч

Крыніца: “Сугучча” спасылка