І маю радзіму нараклі Палессем…
Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначыла 10-годдзе з дня заснавання. Па добрай завядзёнцы былі праведзены «Славянскія літаратурныя дажынкі-2015». Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел літаратары з расійскага Таганрога і ўкраінскага Глухава.
Распачалося свята запальваннем свечак — Агню дружбы і братэрства — у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна: ад Беларусі — Уладзімір Гаўрыловіч, ад Краснадарскага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі — паэт Леанід Север, ад Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва — паэт Анатоль Міроненка з украінскага Глухава.
Прывітаў літаратараў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, ён уручыў пераможцам літаратурнага конкурсу «Праваслаўе — мая надзея» дыпломы і памятныя падарункі. Уладыка адзначыў: «Не толькі Свяшчэннае Пісанне ўзнаўляе дух чалавека, але і добрае слова, добры верш, песня, цудоўнае апавяданне. Дай Бог, каб мы з вамі здолелі данесці праз Слова любоў да чалавека, да сваёй Айчыны…»
На літаратурных дажынках былі названы лаўрэаты абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага.
Другі дзень свята прайшоў у Ельскім раёне. Сардэчна сустракалі нас заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валерый Гейхман і майстры мастацкай самадзейнасці краю. З адметнасцямі Ельскай зямлі пазнаёміліся ў краязнаўчым музеі райцэнтра і мясцовай бібліятэцы. У раённай кніжніцы нас чакала незвычайная выстаўка «Ельскі ручнічок». А ў Ельскай дапаможнай школеінтэрнаце мы пабачылі… вышываныя кнігі і выстаўку выданняў пісьменнікаў рэгіёна.
Тамара КРУЧЭНКА
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/45-2015.pdf