Алесь Карлюкевiч. Братэрства

Пра тое, як пачуць адзін аднаго

21

Пра тое, што лiтаратурныя сувязi ў постсавецкiя часы перарвалiся i трэба iх аднаўляць, гаварылася апошнiм часам шмат. Вядомы пiсьменнiк i журналiст Алесь Карлюкевiч — з тых, хто не проста гаворыць, а вельмi шмат робiць для гэтага аднаўлення. Сведчаннем таму i гэты зборнiк, у якi ўвайшлi гутаркi з лiтаратарамi розных краiн — Расii, Азербайджана, Аўстралii, Балгарыi, В’етнама, Грузii, Казахстана, Кiтая, Лiтвы, Польшчы, Таджыкiстана, Туркменiстана, Украiны, Чарнагорыi. У народаў, якiя разам перажылi страшную вайну, разам здабывалi перамогу, шмат агульнага. Напрыклад, у Казахстане аўтар кнiгi пачуў гiсторыю стварэння аповесцi «Гiсторыя аднаго кажушка» Адзiя Шарыпава. Падчас вайны Адзiй апынуўся ў беларускай партызанскай брыгадзе. Цяжка параненага, яго схавалi таварышы ў леснiка, а калi давялося ўцякаць ад аблавы, шынэль аказаўся ўвесь у крывi… I беларуская дзяўчына падарыла госцю свой кажушок, якi стаў яго талiсманам. Па–геройску загiнуў пад Вiцебскам удмурцкi паэт Пiлiп Кедраў. Другой радзiмай лiчыў Беларусь партызан, калмыцкi пiсьменнiк Мiхаiл Ханiнаў, якi пераклаў зборнiк вершаў Янкi Купалы. Вядома, цiкава пачытаць i шчырыя разважаннi пра лiтаратурныя працэсы ў iншых краiнах — каб параўнаць. Пiсьменнiк з Чарнагорыi Слабадан Вуканавiч, напрыклад, распавядае, што наклады кнiг iстотна зменшылiся, у асноўным па 500 асобнiкаў, i шкадуе, што моладзь болей чытае замежных пiсьменнiкаў, чым творы сваёй, нацыянальнай лiтаратуры. Згадзiцеся, пазнавальна. Кнiга цiкавая якраз тым, што распавядае не пра магiстральныя лiтаратуры, падзеi якiх на слыху. Бо ва ўсiх нацыянальных лiтаратурах ёсць свае вялiкiя таленты, якiя могуць узбагацiць культуру сусветную.

Людміла Рублеўская

http://www.sb.by/kultura/article/o-tom-kak-uslyshat-drug-druga.html

http://sozvuchie.zviazda.by/news/2015-03-14

Літаратурнае пабрацімства

Кніга з лаканічнай і сэнсава важкай назвай «Братэрства» (Мінск, 2014) створаная даследчыкам беларускай літаратуры і міжнацыянальных літаратурных сувязей, пісьменнікам-краязнаўцам Алесем Карлюкевічам.

У першых раздзелах («Аб шматколернасці гаварыце…», «Да месца, дзе нарадзіліся…») сцісла выкладзеная, па сутнасці, цэлая праграма актызівацыі ўзаемадзеяння паміж літаратурамі. Уважліва аглядаючы ўжо здзейсненае, аўтар засяроджвае ўвагу на тым, што яшчэ магчыма ажыццявіць у гэтым напрамку. Не абыходзіць увагай і тое, што робіцца менавіта сёння. Як прыклад — выданне аднаго з твораў Францыска Скарыны на мовах свету да юбілею беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе.

Кожны раздзел у кнізе «Братэрства» прысвечаны стасункам з асобнай нацыянальнай літаратурай. Геаграфія досыць сур’ёзная: Расія, Азербайджан, Аўстралія, Балгарыя, В’етнам, Грузія, Казахстан, Кітай, Літва, Польшча, Таджыкістан, Туркменістан, Украіна, Чарнагорыя. Раздзел, у якім вядзецца гаворка пра ўзаемасувязі з літаратурамі Расіі, найбольш аб’ёмны — не толькі праз шматстайнасць кантактаў, але і таму, што закранаюцца літаратуры многіх народаў Расійскай Федэрацыі. Увагу найперш прыцягвае матэрыял, які датычыць малавядомых старонак беларуска-іншанацыянальных літсувязей — з бурацкай, дагестанскай, калмыцкай, чачэнскай, чувашскай, удмурцкай літаратурамі.

Характэрная адметнасць кнігі — зварот да ўзаемадзеяння літаратур, што ажыццяўляецца праз непасрэдныя адносіны паміж пісьменнікамі, перакладчыкамі, выдаўцамі. Арыентаванасць на асабовыя стасункі выяўляецца ў значнай колькасці інтэрв’ю, якія А. Карлюкевіч праводзіць з прадстаўнікамі розных літаратур. Пытанні, што задае аўтар сваім суразмоўцам, скіраваныя перадусім на тое, каб выявіць іх стаўленне да беларускай літаратуры, паказаць рэальна бачныя вынікі творчага ўзаемадзеяння, раскрыць патэнцыял супрацоўніцтва.

«Братэрства» выяўляе абсяжны свет міжлітаратурных стасункаў, дае магчымасць убачыць пэўныя тэндэнцыі і акрэсліць перспектывы развіцця творчых сувязей. Тое, што робяць перакладчыкі, выдаўцы, набывае яшчэ большае значэнне, калі прыняць пад увагу ўмовы, у якіх знаходзіцца сёння літаратура, якое месца займае ў сучасным грамадстве. З размоў з прадстаўнікамі розных нацыянальных літсупольнасцей вынікае, што ўмовы для развіцця літаратуры ў наш час нельга назваць надта спрыяльнымі. Чытач можа пераканацца, што паўсюль назіраецца змяншэнне папулярнасці мастацкага слова, ягонай вагі ў культурнай прасторы. Красамоўна сведчыць пра гэта прыкметнае скарачэнне накладаў кніг і перыядычных выданняў, пра што згадваюць многія суразмоўцы. Праўда, у нашым выпадку гэта гучыць як аб’ектыўная канстатацыя, а не марныя нараканні на лёс.

Усе намаганні творчых асоб, прадстаўленых на старонках «Братэрства», скіраваныя якраз на тое, каб і ў такіх няпростых абставінах і нават насуперак ім, ствараючы мастацкія і духоўныя каштоўнасці, садзейнічаць культурнаму збліжэнню і паразуменню народаў.

Яўген ГАРАДНІЦКІ

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/45-2015.pdf