Лёля Багдановіч. Вясёлкавы масток
Імгненні сонца, росаў і дажджу
Зборнік вершаў паэтэсы Лёлі Багдановіч «Вясёлкавы масток» выдадзены сёлета Беларускай асацыяцыяй «Конкурс». Адрасавана кніга найперш пераможцам гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры «Буслік-2015».
У анатацыі пазначана: «Кніга вучыць дабрыні, спагадзе, сяброўству, уважлівым адносінам да ўсяго, што нас акружае». Вось тут і знаходзіць пацвярджэнне думка пра тое, што дзіцячы пісьменнік, а тым больш паэт, — гэта педагог і псіхолаг адначасова, бо падабраць прыдатны ключык да шчырай і даверлівай дзіцячай душы не так лёгка, як здаецца на першы погляд.
Зборнік, які складаецца з шасці раздзелаў, змяшчае вершы і загадкі. У цэнтры ўвагі аўтара — матчына любоў, таямнічы свет дзяцінства, змена пораў года, з’явы прыроды, духоўная сувязь з родным краем. Не чужы Лёлі Багдановіч і гумар. Як, напрыклад, у вершы «Вераб’і спрачаліся»:
Вераб’і, адразу тры,
Ў лужыне купаліся,
Ды згубілі тры пяры.
Дзе чыё — спрачаліся…
Зразумелымі дзецям словамі паэтэса тлумачыць паняцце радасці: «Што такое радасць? — / Калі мама побач. / Калі зарападам / Заіграе поўнач» («Зарапад»). Але з пазітыўным пачуццём на старонках кнігі суседнічае процілеглае: «Як у мяшку, пануры дзень, / Штурхае сум у плечы… / Размову сумную вядзе / Такі ж пануры вечар» («У роспачы надзей»).
Ёсць тут і радкі пра настаўнікаў, школу, канікулы, а яшчэ — пра нашу краіну і матчыну мову, якую аўтарка «ўвабрала з малаком», якая ёй «сэрца гоіць і душу». Лёля Багдановіч успамінае Асіповічы, родных, матчыну хату ў вёсцы Градзянка… А вось словы, якія раскрываюць сэнс назвы кнігі: «Наша мова журавінкай / І вясёлкавым мастком / Лашчыць кожную хвілінку…» Вобраз вясёлкавага мастка — гэта ўвасабленне светапогляду паэтэсы, яе настрою, памкненняў, веры ў заўтрашні дзень.
Яна ЯВІЧ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/45-2015.pdf