Галіна Нупрэйчык: “Што пасееш, тое і пажнеш!”

На вуліцы стаялі апошнія зімовыя дні. У сёлетнім годзе люты выдаўся лагодным, амаль бясснежным, але да сапраўднага цяпла яшчэ далёка. Раніцы марозныя. Ветрана, сцюдзёна. Так адбываецца ў прыродзе. А на душы ў мяне, наадварот, было вельмі цёпла ў дваццаць шосты лютаўскі дзень. Гэта быў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Па запрашэнні настаўнікаў я выступала з вершамі ў Тучанскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа Клецкага раёна. З вялікім хваляваннем ехала туды, дзе за далеччу трыццаці шасці гадоў засталіся сцяжынкі майго дзяцінства, светлыя класныя пакоі, шырокія школьныя калідоры, дзе руплівы галасісты званок нязменна кліча вучняў да пазнання жыцця. Там і зараз такія ж утульныя класы з вялікімі вокнамі, шмат пакаёвых кветак, стэндаў з кніжкамі, малюнкамі. Асабліва спадабалася бібліятэка, у якой сканцэнтравана вялікае багацце – цікавая дзіцячая літаратура. На жаль, дзяцей у вёсцы зараз значна менш. Мяне цёпла сустрэла родная школа – яе дырэктар, настаўнікі, вучні ад першага да дзявятага класаў. 
Расказвала пра сябе, чытала вершы, прысвечаныя Тучы, яе краявідам. Чытала пра тое, што блізка і дорага не толькі мне, але і маім слухачам, якія жывуць тут, у гэтым маляўнічым куточку Беларусі, аздобленым шыкоўнымі прыдарожнымі ялінамі, вясновай квеценню бэзу, зелянінай вербаў, бяроз. Агульная любоў да малой радзімы, да яе лесу, ракі Тучанкі, залатых палёў з валошкавымі вачамі з’яднала нас, праклалася паміж намі ў школьнай актавай зале нябачным трывалым мостам. Любоў да роднага краю свяцілася ў цікаўных дзіцячых вачах, на тварах настаўнікаў, а мяне вяртала на нейкі час у далёкія школьныя гады. Малодшыя вучні актыўна разгадвалі загадкі, рашалі вершаваныя задачы, знаходзілі небыліцы ў вершах. Усе ўважліва слухалі. Нават прыдумалі для верша назву, якая цалкам супала з маёй. Атрымалася цёплая жывая размова. Затым школьнікі завіхаліся ля стэндаў, знаёміліся з калектыўнымі зборнікамі Мінскага абласнога Народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, з іншымі калектыўнымі выданнямі беларускіх пісьменнікаў. Настаўнікі таксама зацікавіліся кнігамі і пыталіся, дзе можна іх набыць. Хутка праляцела сорак пяць хвілін.Напрыканцы сустрэчы сфатаграфавалася з піянерамі ў прыгожых чырвона-зялёных гальштуках. Абмяняліся падарункамі.
Не першы раз пераканалася, што нашым дзецям патрэбна чытаць класікаў, сучасных пісьменнікаў. Ім неабходнае жывое слова. Яны ўмеюць слухаць, разважаць, ды яшчэ як! У іх ёсць цікавасць да ўсяго таго, што атачае іх. Мы, дарослыя: бацькі, настаўнікі, пісьменнікі павінны выхоўваць моладзь на ўласным прыкладзе, данесці да яе агульначалавечыя каштоўнасці, найлепшыя набыткі мінулых пакаленняў. Патрэбна часцей размаўляць з дзецьмі, падлеткамі, каб не страціць іх давер, паразуменне. Яны чакаюць ад нас гэтага. Пастаянныя клопат, увага, жаданне заўсёды прыйсці на дапамогу – справа нялёгкая ў імклівай мітусні паўсядзённага жыцця. Але справа неабходная і неадкладная. І яна абавязкова прынясе свой плён. Гэта сцвярджае мудрая і актуальная для ўсіх часоў прыказка: “Што пасееш, тое пажнеш”.
Галіна Нупрэйчык

 

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.