Да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча

26  лістапада 2020 года споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння УЛАДЗІМІРА  КАРАТКЕВІЧА ‒ адной з самых яркіх фігур беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч – першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за раман “Чорны замак Альшанскi”. З’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі  імя Івана Мележа СП БССР за раман “Нельга забыць”, адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Творы аўтара выдзяляюцца захапляльна-дынамічным сюжэтам і сталі праграмнымі для вывучэння ў школе, атрымалі другое жыццё ў кінематографе.

Юбілейная дата пісьменніка шырока адзначаецца ў культурнай прасторы нашай краіны і за яе межамі. Тэма 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча знайшла сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, а таксама  на здымачнай пляцоўцы ў залах Музея гісторыі беларускай літаратуры. Тут, у Арт-праекце “Чытаем класіку разам», галасамі артыстаў, журналістаў, культурных і грамадскіх дзеячаў загучаў раман «Каласы пад сярпом тваім». Праект, прысвечаны юбілею знакамітага беларускага пісьменніка,  запушчаны Белтэлерадыёкампаніяй  сумесна з Міністэрствам культуры РБ.

У гонар юбілею Уладзіміра Караткевіча запланавана зрабіць пераклад на кітайскую мову рамана «Дзікае паляванне караля Стаха».

Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала выставу да 90-годдзя славутага беларускага пісьменніка. У экспазіцыі прадстаўлены экслібрысы, рукапісы, старадрукаваныя і рэдкія выданні, якія захоўваліся ў асабістым кабінеце Уладзіміра Караткевіча.

У дзень нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка 26 лістапада відэасэрвіс Voka пакажа ў прамым эфіры святочны спектакль «Наш Караткевіч». Трансляцыя будзе даступная для прагляду бясплатна ў любым пункце Беларусі і свету.

У Магілёве праходзіць гарадскі конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці «На пачатку дарог», прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння  празаіка, паэта, драматурга, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры.

Святочныя працы працягваюцца і на радзіме Уладзіміра Караткевіча. У Оршы, на тарцы дома № 2 па вуліцы Жан-Поля Марата, з’явіцца мурал, прысвечаны пісьменніку. Мастак і аўтар пано Дзмітрый Талкачоў выкарыстоўвае ў эскізе малюнкі Караткевіча і фрагменты яго рукапісаў.

Мурал у Оршы

 

 

 

 

 

Інфармацыя прэс-службы МАА ГА СПБ