З любоўю да Радзімы

Лета з добрай кнігай 

З любоўю да Радзімы

У летнім аздараўленчым лагеры “Буравеснік”, што на Уздзеншчыне, адбылася сустрэча з членам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктарам Сабалеўскім.

Звыш 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з Уздзенскага, Капыльскага, Мінскага раёнаў адпачываюць у летніку ў гэтай змене, якая носіць патрыятычны ўхіл. Да гэтага тут карысна бавілі час юныя спартсмены, а ў жніўні збяруцца школьнікі-лідары. Для кожнай змены прадугледжана насычаная праграма, у якой ёсць месца паходам і экскурсіям (лагер размешчаны ў вёсцы Лоша, побач з якой – лясы, вялікае вадасховішча), іншым рухомым заняткам, гульням, а таксама розным пазнавальным мерапрыемствам. Добра ўпісваюцца ў гэтую праграму і сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Адна з іх адбылася ў ходзе правядзення акцыі “Лета з добрай кнігай”. На сустрэчу з дзецьмі прыехаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра Беларускага саюза журналістаў, аўтар дзевяці кніг паэзіі і прозы Віктар Сабалеўскі. У актавай зале былой школы, якая цяпер выкарыстоўваецца ў якасці летняга лагера, сабраліся амаль усе наведвальнікі ліпеньскай змены, выхавальнікі. Госць расказаў пра сваё дзяцінства, пачатак літаратурнай дзейнасці, асноўныя тэмы творчасці. Уважліва слухалі адпачывальнікі вершы пра малую радзіму творцы, маляўнічыя прынёманскія мясціны, патрыятычнага накірунку. Спадабаліся дзецям і байкі, гумарэскі, іншыя жартоўныя творы. А асабліва зацікавіліся паэмай “Вятры перамен”, у якой расказваецца пра лёс школы, у будынку якой яны цяпер знаходзяцца.

Дзеці задавалі пытанні, некаторыя прызналіся, што таксама спрабуюць пісаць вершы, прозу. Іх першыя літаратурныя крокі неўзабаве могуць з’явіцца на старонках раённай газеты, дзе працуе В. Сабалеўскі.

– Ніколі не думала, што змагу тут не толькі сустрэцца з сапраўдным пісьменнікам, але і пагаварыць з ім. Гэта так цікава! – прызналася дзяўчынка, якая так захапілася размовай з госцем і чытаннем яго кнігі, што засталася ў зале і пасля таго, як астатнія разышліся.

З выконваючым абавязкі дырэктара летняга аздараўленчага лагера “Буравеснік” Валерыем Фалейчыкам дасягнута дамоўленасць аб прыездзе сюды уздзенскіх пісьменнікаў і ў час жнівеньскай змены.

  

  

 

Прэс-служба МАА СПБ