Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Вольга Савасцюк

Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». 

Вольга Савасцюк

.

 * * *   

Ружавеюць флоксы,

            жмурацца вяргіні.

Лецейка ў зеніце

             кружыць галаву.

Васілёк сасмяглы

             ў высокім жыце

Прагна п’е з далоняў

             хмаркі сіняву.

За далёкім лесам

            хмарку гром гукае,

Крывіцца маланка:

            хоча напужаць.

Гнеў яе дарэмны,

            бо на небакраі

Яркая вясёлка

            вымасціла гаць.

.

* * *

Сінечу п ‘е вясёлка з ручая,

Смакуе асцярожна, каб не ўпіцца.

Пад закаханы пошчак салаўя

Ракіце малады вятрыска сніцца.

 

Палошча сонца промні  ў вадзе,

Сваім цяплом пазалаціла хвалі.

Ты бачыш, лета па зямлі ідзе?

Ты чуеш — лета? Мы яго чакалі.

 

Каб захмялець ад кветак у лугах,

Ад прахалоды векавога бору,

Каб зноў не спаць і марыць па начах

Аб тым, што не прыйшло да нас учора.

.

НА ЗЫХОДЗЕ  ЛЕТА

 Старэе лета. Жнівень на абшарах

Ужо раскінуў суму ручнікі.

Плывуць у небе згорбленыя хмары,

Чарнее сінь няўрымслівай ракі.

На пожні бусел талаку збірае

Наперадзе такі нялёгкі  шлях…

Бо ўжо так блізка восень маладая

Нясе нам свой чырвона-жоўты сцяг.

.

* * *

Напіўся ўдоваль чэрвень цеплыні,

Ад перагрэву нават не прыкмеціў,

Што зблытаўся свае лічыўшы дні

І рана  ліпы  золатам расквеціў.

 

Усіх прыемны водар чараваў.

Ляталі пчолы, цвет збіралі людзі

У чэрвеня ніхто не запытаў:

А чым жа ліпень радаваць нас будзе?

 

Мастак Кацярына Білакур. Кветкі за плятнём.  (1935)

Прэс-служба МАА СПБ