Вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2017”.

Вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2017”.

Чалавек, які нараджаецца з творчымі здольнасцямі, не можа не тварыць – гэта яго натуральная, унутраная патрэба. І як добра, калі тое, што творчы чалавек ад душы робіць (прычым, часцей за ўсё задарма, на грамадскіх пачатках), заўважаецца і атрымлівае высокую адзнаку ад родных, блізкіх людзей, сяброў, землякоў. Тым болей прыемна, калі ўвагу на актыўную творчую дзейнасць такога чалавека звяртаюць мясцовыя ўлады.

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Анатольеўна Быкава нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў сваім родным горадзе Заслаўі. Гэты горад яе выхаваў, узрасціў, і цяпер яна з удзячнасцю, шчыра “аддае даўгі” – свае веды, творчыя сілы і здольнасці – роднаму гораду. Апошнія гады на грамадскіх пачатках Святлана Анатольеўна актыўна працуе з адоранымі юнымі жыхарамі горада, якія пішуць вершы і прозу. Яна з’яўляецца кіраўніком дзіцячага літаратурнага клуба “Ізяслаўцы” пры ДУА “Заслаўская гімназія”. У 2016 і 2017 гадах паэтэса стала ўкладальнікам, рэдактарам і арганізатарам выдання двух агульнагарадскіх дзіцячых зборнікаў: “Струмені заслаўскай крынічкі” і “Нашчадкі Рагнеды. Дзякуючы яе намаганням, за апошнія два гады ў рэспубліканскіх часопісах (“Бярозка”, “Вясёлка”, “Родная прырода”, “Качели”)  было апублікавана каля 100 літаратурных твораў юных літаратараў горада Заслаўя. Акрамя таго, займаючы пасаду старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Святлана Анатольеўна арганізуе і праводзіць шмат сустрэч з чытачамі па ўсёй Мінскай вобласці і за яе межамі, удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах рознага ўзроўню, ад мясцовага да міжнароднага.

Таму не дзіва, што напрыканцы 2017 года кіраўніцтва  Заслаўскага гарадскога Савета ГА “Саюз беларускіх жанчын” для ўдзелу ў конкурсе “Жанчына года-2017” вылучыла з вялікай колькасці жанчын горада Заслаўя менавіта Святлану Анатольеўну. Рэспубліканскае ГА «Саюз беларускіх жанчын” дзесяты год запар абвяшчае гэты конкурс, які праводзіцца ў два этапы, а яго пераможцы вылучаюцца ў 6-ці намінацыях.

Мінскі абласны Савет  ГА “Саюз беларускіх жанчын” высока ацаніў працу заслаўчанкі, і па яго рашэнні яна стала лаўрэатам  абласнога этапу конкурсу “Жанчына года – 2017” у намінацыі “Духоўнасць і культура”.

Узнагароджанне лаўрэатаў адбылося 10 лютага г.г. у Палацы культуры горада Маладзечна. Акрамя дыпломаў, кветак і каштоўных падарункаў лепшыя жанчыны Міншчыны разам з гасцямі свята атрымалі асалоду ад цудоўнага канцэрта аркестра Маладзечненскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.