Віншавалі творцу-земляка
24 лістапада ў Валожынскай раённай бібліятэцы адбылася творчая вечарына старэйшага ўдзельніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь Валожынскага РЦК, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Яўгена Зялкоўскага, якому днямі споўнілася 85. Да таго ж напярэдадні такога важкага юбілею ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшла восьмая па ліку кніжка пісьменніка “Не забывай”. Мерапрыемства падрыхтавалі і правялі ўдзельнікі “Руні” і супрацоўнікі раённай бібліятэкі.
У гэты дзень Яўген Фаміч пачуў у свой адрас нямала добрых удзячных слоў, атрымаў кветкі і падарункі ад сяброў па пяры, родных людзей і паклоннікаў яго таленту, а таксама Грамату ад Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Прысутныя з задавальненнем паслухалі ўжо вядомыя і новыя вершы самабытнага творцы-земляка і песні на яго словы, якія напісаў і выканаў Уладзімір Данчанка.