Інфармацыя – бясцэннае багацце

“Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам”, “Інфармаваны, значыць узброены” – гэтыя два выказванні вядомых людзей былі сярод многіх іншых агучаны ў чытальнай зале бібліятэкі Уздзенскага ліцэя, дзе прайшло мерапрыемства з нагоды Сусветнага дня інфармацыі, што адзначаецца 26 лістапада.

Пра гісторыю свята расказала калегам па навучанні Аляксандра Данільчык. Пад кіраўніцтвам бібліятэкара, паэткі Зоі Калкоўскай, якая была ініцыятарам і арганізатарам гэтай сустрэчы, вядучыя Вікторыя Шыхатава і Павел Трусаў адшукалі і давялі да ведама сяброў (а ў зале прысутнічалі навучэнцы некалькіх груп) шмат карыснай інфармацыі. Звесткі па тэме мерапрыемства жадаючыя маглі пачэрпнуць і са стэнда, дзе былі выстаўлены газеты, кнігі, брашуры, а таксама з дзвюх змястоўных папак з выразкамі з раённай газеты “Чырвоная зорка”, у якіх на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў журналісты расказваюць пра будні гэтай навучальнай установы.

Пра неабходнасць штодзень папаўняць свае веды карыснай інфармацыяй расказаў навучэнцам супрацоўнік “Чырвонай зоркі” Віктар Сабалеўскі. Важна адфільтроўваць непатрэбнае, выкарыстоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці і побытавым жыцці толькі самае важнае, неабходнае. І памыляецца той, хто ў пагоні за імклівым часам спісвае ў якасці адной з асноўных крыніц папаўнення інфармацыі газеты (маўляў, у параўнанні з сучаснымі электроннымі сродкамі масавай інфармацыі друкаваныя значна адстаюць). Менавіта мясцовыя газеты даюць найбольш поўную карціну жыцця ў тым ці іншым рэгіёне, звычайныя падзеі і факты напаўняюць аналітыкай, лірычнымі роздумамі над праблемамі сучаснасці і г. д.

З цікавасцю паслухалі навучэнцы і “інфармацыю” ў выгляде вершаваных радкоў члена Саюза пісьменнікаў Беларусі В. Сабалеўскага.

А затым увазе прысутных былі прапанаваны цікавыя конкурсы, гульні. Свае артыстычныя здольнасці прадэманстравалі Улад Вардомскі і Марат Шуцько. Пераможцаў віктарыны на веданне пэўных цытат, вершаваных радкоў аказалася нават больш, чым запланавалі арганізатары, а кніга, лепшы падарунак, стане для іх надзейным памочнікам у неабсяжнай інфармацыйнай прасторы.

Завяршаючы мерапрыемства, З. Калкоўская запрасіла моладзь часцей наведваць бібліятэкі, кнігарні, дзе няма і не будзе недахопу ў праўдзівай інфармацыі.