Віктар Кажура
Кажура Віктар Віктаравіч нарадзіўся 1 ліпеня 1959 года ў в. Краўчонкі Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Карпавіцкую сярэднюю школу ў 1976 годзе. У 1980 г. – філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Працаваў настаўнікам у Шыпкоўскай васьмігадовай школе Вілейскага раёна. 3 1981 па 1983 год займаў пасаду дырэктара Забарскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна. Таксама працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы, выхавацелем групы падоўжанага дня ў Карпавіцкай сярэдняй школе Вілейскага раёна.
З 1986 па 1987 год выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 3 г. Вілейка. З 1987 года працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Вілейская гімназія №2 (раней – сярэдняя школа № 4). Мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” і вучоную ступень “магістр адукацыі”. Член рэдакцыйнай рады часопіса “Роднае слова”. Кіраўнік гімназічнай літаратурнай гасцёўні “На Парнасе”.
Першыя літаратурныя творы былі надрукаваны на старонках Вілейскай раённай газеты “Шлях перамогі” 27 ліпеня 1999 г. На сённяшні дзень пісьменнікам выдадзена (асабіста і ў суаўтарстве) 21 кніга. Лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая літаратура” (2016 г. – за кнігу “Азбукоўнік”). Узнагароджаны Граматамі Мінскага абласнога аддзялення СПБ, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (2022 г.). Член Рады Мінскага абласнога аддзялення СПБ.
Асобныя творы пісьменніка ўключаны ў школьную праграму для вучняў 1-2 класаў, а таксама для пазакласнага чытання ў 4 класе.
Віктар Кажура з’яўляецца пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Вілейскага раёна – 2017”. Тройчы (у 2008, 2014 і 2021 гадах) прызнаваўся пераможцам індывідуальнага спаборніцтва сярод працаўнікоў народнай гаспадаркі раёна за званне “Лепшы па прафесіі” ў намінацыі “Лепшы працаўнік установы адукацыі”.
Працоўныя дасягненні адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі Вілейскага раённага ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2017 г.) і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2023 г.).
У 2008 годзе Кажура В.В. стаў лаўрэатам прэміі Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асобы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў і студэнтаў.