Аляксей Шаўцоў
Шаўцоў Аляксей Мікалаевіч нарадзіўся 30 кастрычніка 1951 года ў вёсцы Запрудаўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля службы ў арміі паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, дыплом якога па спецыяльнасці “эканаміст” атрымаў у 1977 годзе. Пасля была вучоба ў Сімферопальскім вышэйшым ваенна-палітычным будаўнічым вучылішчы, Ваенна-палітычнай акадэміі імя У.І. Леніна ў Маскве. Ваенную службу закончыў на пасадзе намесніка начальніка чыгуначных войск Рэспублікі Беларусь. Палкоўнік у адстаўцы.
Больш за 10 гадоў працаваў у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, з якіх 7 з паловай гадоў – у Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы на пасадзе загадчыка аддзела.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы з 2016 года. Аўтар прыгодніцкіх раманаў: “Страх” (2015), “Романс о корсаре” (2016), “Тень “жёлтого дьявола” (2018), а таксама кніг для дзяцей “Удивительные приключения котят” (2015), “Девочка и дельфин” (2016), “Приключения медвежонка Франтика” (2017). Суаўтар калектыўнага зборніка Мінскага абласнога аддзялення СПБ “Абярэг” (2021), у які ўвайшлі лепшыя творы літаратурнага конкурса “Светач духоўнасці”, які праводзіўся ў аддзяленні. У 2019 годзе А. Шаўцоў стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Проза”.
Мае шэраг дзяржаўных узнагарод: медалі “За баявыя заслугі”, “За бездакорную службу” І, ІІ, ІІІ ступені, “За воінскую доблесць”; Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Мае знак і ганаровую грамату Міжпарламенцкай Асамблеі СНД.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў будаўніцтва помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Траецкім прадмесці ў Мінску.
Член Савета Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў пісьменніцкай суполкі. Мастак. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу самадзейных мастакоў. Майстар спорту СССР па вольнай барацьбе.