В. Савасцюк. Юлін рэстаран

Салодкія казкі

Савасцюк_-Юлін-рэстаран

Каб пісаць для дзяцей, асабліва — для зусім маленькага чытача, трэба мець асаблівы талент зносін з дзецьмі. А гэта і жаданне адкрываць новыя факты, звесткі з іх жыцця, і актыўны ўдзел у іх клопатах. Незалежна ад таго, дзе вы сутыкнуліся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі: на пляцоўцы каля дома, на беразе ракі, у школьнай аўдыторыі, у грамадскім транспарце, проста на вуліцы. Вольга Савасцюк, мяркуючы па яе новай кнізе «Юлін рэстаран», умее размаўляць з дзецьмі, ведае, як кантактаваць з імі, чым зацікавіць.

На вокладцы паэтычнага зборніка, складзенага з вершаў, загадак, казак, чытаем пра аўтара і кнігу: «Усе творы нараджаюцца з жыцця. І, калі да іх далучаюцца фантазія, уменне глядзець на свет вачыма дзіцяці, цікавыя вобразы, аўтарскі вымысел, можна разлічваць, што кніга знойдзе свайго чытача…» І далей — пра пачатак творчай дарогі аўтара кнігі: «Вершы пачала пісаць, калі ёй было 12 гадоў. Першыя творы для дзяцей напісаліся, калі нарадзіліся свае дзеці. Зараз яна піша вершы, казкі, апавяданні для сваіх унучак — цікаўных, дапытлівых дзяўчынак Олі і Тані. Шматлікія іх назіранні, думкі аўтар і перадала ў гэтай кніжцы праз сваіх герояў вам, маленькія чытачы…»

«Юлін рэстаран» — вершаваная казка, якая і дала назву ўсёй кнізе. «У суботу да бабулі / Завітала ў госці Юля. / Дні чатыры гасцявала, / А пасля засумавала…» А засумаваўшы, гарадская госця абышла ўвесь агарод, падзівілася праз плот і на грады суседзяў. І прыдумала сабе занятак:

— У мяне, бабуля, план:

Я адкрыю рэстаран.

Міскі, лыжкі і каструлі

Пад паветку несла Юля.

З самага пачатку В. Савасцюк стварыла свет гульні. Як быццам нічога незвычайнага. Такое можна падгледзець у жыцці. Але ж для гэтага трэба і зрок, і слых адпаведныя. І дзяцей, з самымі іх незвычайнымі памкненнямі, бачыць роўнымі сярод дарослых. Кожны юны — дзейсная, рашучая асоба. Можна паставіцца да жадання Юлі «адкрыць рэстаран» выключна як да гульні. А можна — нават і ў жанры казцы — сур’ёзна, па-даросламу паразважаць вакол цэлага жыццёвага спектакля, жыццёвай явы. «Доўга ежу гатавала. / Боршч, пюрэ, кампот, салаты… / Страў было ў меню багата. / Рэстаран назваля Юля / «На сядзібе ў бабулі».

Вольга Савасцюк — добры, лагодны апавядальнік (гэта відаць і па «Салодкай казцы», якая складзена з вершаваных загадак, і па іншых творах, што ўваходзяць у зборнік «Юлін рэстаран»). Паэтэса стараецца выбудаваць дыялог з юнымі чытачамі, запрашае іх да размовы. В. Савасцюк падводзіць да высновы, што дзіця — гэта ўдумлівая, яркая асоба, здольная і нас праз свае ацэнкі жыцця, навакольнага свету істотна ўзбагаціць.

Большасць твораў, з якіх складаецца зборнік, досыць рэльефныя, дынамічныя. А сама вершаваная казка, што дала назву ўсёй кнізе, — гэта спектакль вобразаў, мастацкіх параўнанняў. Як мне падаецца, «Юлін рэстаран» так і просіцца да сцэнічнага, тэатральнага ўвасаблення. Кніга Вольгі Савасцюк, якая выйшла ў «звяздоўскай» серыі «Вясёлы калейдаскоп» (а раней у ёй пабачылі свет зборнікі Алеся Бадака, Анатоля Бутэвіча, Яніны Жабко, Віктара Ляскоўскага, Анатоля Зэкава і іншых аўтараў), багата ілюстравана. Аўтар арыгінальных малюнкаў — таленавітая мастачка Ангеліна Вашчанка.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/37-2015.pdf

Мары фантазёраў

Дзяцей трэба ўвесь час здзіўляць — і гэта імкнуцца рабіць аўтары кніг для маленькіх. Каб напісаць адну, трэба вывучыць псіхалогію дзіцяці, паставіць сябе на яго месца, памарыць і пагарэзнічаць разам з ім… Словам, задача не з лёгкіх. Прадстаўленыя ніжэй творы можна з упэўненасцю аднесці да той літаратуры, якая, як кажуць, зацягвае. Нібыта нічога незвычайнага: гаворка ідзе пра самыя простыя рэчы — гульні на дварэ з сябрамі і паходы ў дзіцячы садок, перажыванні за адзнакі ў школе, зносіны з бацькамі, знаёмства з жывёльным светам… Але эфект ёсць! Прачытваючы чарговы верш для юных чамучак, задумваюцца нават дарослыя. Уся справа ў падачы — лёгкай, нязмушанай, а яшчэ — адказным стаўленні аўтараў да кожнага радка, імкненні несці не толькі радасць, але і навуку.

САЛОДКІЯ ЦУДЫ І ПТУШЫНЫ РЭСТАРАН

Што рабіць, калі тэлевізар, планшэт і нават камп’ютар перастаюць цікавіць? У кнізе «Юлін рэстаран» Вольгі Савасцюк, што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», сцвярджаецца, што занятак для сябе гарадское дзіця можа лёгка знайсці нават у маленькай вёсцы. Галоўнае — праявіць фантазію!

Зборнік складаецца з «залатога трыа» — вершаў, загадак і казак. Гэта вельмі пазнавальнае і вясёлае чытво для маленькіх непасед. На пачатку кнігі галоўная гераіня на канікулах адпраўляецца за горад да бабулі. Здавалася б, звычайная справа — і, зрэшты, даволі сумная. Невялікі домік, хатняя гаспадарка, сад, агарод… Ніякіх крам з яркімі шыльдамі, прылаўкаў, заваленых цацкамі на любы густ, кінатэатраў і цыркавых прадстаўленняў. Але вынаходлівая Юля знаходзіць, чым сябе заняць — не доўга думаючы, яна адкрывае рэстаран! Зразумела, дзіцячы. Унікальнасць яго ў тым, што замест звычайных наведвальнікаў — жывёлы на бабуліным падворку. Задумка ў дзяўчынкі добрая, але ж яна сутыкаецца з невялікімі цяжкасцямі, трапляючы ў смешныя сітуацыі, што робіць аповед яшчэ цікавейшым. Тым не менш гэтая гісторыя складае толькі чацвёртую частку кнігі.

Саліднае месца ў ёй займаюць загадкі пра тое, што вельмі любяць дзеці — салодкія прысмакі. Тут вам і белы смачны пясок пад назвай цукар, і малочны з арэшкамі шакалад, і цукеркідзяўчаткі ў прыгожых сукенках, зефір, што нагадвае снежкі. Трапляюцца і загадкі-жарты на іншыя тэмы кшталту: «Калючы шарык на акне / Глядзіць варожа на мяне. / Ану кідай, браток, злаваць. / Хачу з табой пасябраваць. / Як дакрануўся я рукой, / Ледзь не заплакаў. Ой-ой-ой!». Прыгожыя параўнанні стварае аўтар. Васількі ў Вольгі Савасцюк — гэта воблачка, што заснула ў жыце. Цёплы жоўты камячок, які нагадвае кавалак сонейка, — маленькае кураня. Зноў жа, фантазія неабмежаваная! Што тычыцца вершаў, то градус іх шчырасці, як кажуць, зашкальвае. Здаецца, яны вярнуліся з дзяцінства саміх бацькоў, калі ўсе захапляліся спевамі ката Матроскіна з Прастаквашына і прыгодамі Чабурашкі з Генам.

Тэмы, якія закранае аўтар у вершах, блізкія і сучасным дзецям — шчаслівае вяртанне са школы дадому, калі атрымаў добрыя адзнакі, задуменнае назіранне за дажджынкамі з вокнаў свайго пакоя, калі яшчэ не хочацца спаць, летнія паходы з палаткамі ў вясёлай кампаніі, вожык, якога абавязкова трэба напаіць малаком… Вобразы настолькі блізкія, што кніга, бясспрэчна, будзе вельмі каштоўнай.

КАЗАЧНАЯ ПАЛІТРА БУДНЯЎ

«Темноты я не боюсь, / Спать всегда один ложусь. / Ночью тёмною во сне — / Прилетают сны ко мне». Што такое сны? Неверагодна тонкая матэрыя, вобласць за гранню розуму, адзін з самых таямнічых фізіялагічных працэсаў у арганізме, іншая рэальнасць, бясплатнае кіно, нарэшце, і крыніца натхнення для пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў… Некаторыя нават кажуць, што, з пункту гледжання псіхалогіі, сон — страта прытомнасці. А вось кніга Віктара Кудлачова, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» пад назвай «Прылятаюць ноччу сны», — гэта казачнае даследаванне дзіцячых начных мрояў.

Вершы, якія ўвайшлі ў зборнік, напоўнены святлом і гумарам, вучаць радавацца кожнаму дню і імкнуцца да ўвасаблення сваіх жаданняў. Што агульнага выданне мае са снамі? Папершае, ілюстрацыі Аксаны Аракчэевай нібы намаляваныя дзіцячай рукой, але вельмі памайстэрску — тут і ружовыя сланяняты, і аранжавыя конікі, і касцюм касманаўта, і сонечныя зайчыкі з доўгімі вушамі, што лётаюць на парашуціках. Па-другое, тэматыка тэкстаў адразу ж адсылае маленькіх чытачоў да іх мар, фантазій, неверагодных ідэй. Кніга пабудаваная такім чынам, што ствараецца ўражанне, нібыта розныя дзеці ў вершаванай форме дзеляцца сваімі думкамі. Адзін распавядае, што бачыў у сне адважную аўчарку на чырвоным кані, якая скакала па лясной дарозе з сакрэтным пакетам, другі імкнецца праляцець на самалёце па блакітным небе над роднай зямлёй, трэці шчыра жадае дагнаць вецер і адправіцца на край свету. Малыя самі сабе (і чытачам) задаюць пытанні, якія, напэўна, хвалююць многіх у дзяцінстве: чаму людзі ў сне лётаюць? ці можна пабудаваць такую велізарную лесвіцу, з якой можна было б назіраць за ўсім светам? ці рэальна адправіцца ў космас? Некаторыя вершы выконваюць функцыі калыханак і прыходзяць на дапамогу бацькам, каб супакоіць няўрымслівых дзетак. «С улыбкой на личике / Девочка спит, / Щенок под кроваткой / Тихонько сопит», — пасля такіх слоў дзіця падумае: «А чым я горшая за гэтую дзяўчынку? Таксама буду адпачываць — там жа вельмі цікава, у сне!».

Віктар Кудлачоў не абмяжоўвае сваё апавяданне толькі начнымі дзіцячымі ўяўленнямі. У кнізе шмат вершаў, прысвечаных жыццю маленькіх у любы час! «Наступает новый день — / Разгоняйте сон и лень», — прапануе адзін з герояў кніжкі. Як бы ні было, звычайныя будні аўтар афарбоўвае ў казачныя колеры. Лета ў яго раз’язджае на карэце, возячы з сабою мора святла і цяпла, птушкі размаўляюць на чалавечай мове, рыбкі ўмеюць усміхацца, а котка «фанацее» ад гульні хлопцаў-футбалістаў у двары. Малым, напэўна, спадабаюцца і не менш арыгінальныя «небылічкі». Уявіце: «Белый волк бредет тропою — / Красный зонт над головою. / Тёмно-синяя лисица / На мопеде с горки мчится. / А зелёный кот Антошка / Шьёт сапожки жёлтой кошке». Такія пацешныя рыфмаваныя творы дапамагаюць развіваць у дзяцей уяўленне, а бацькам прапануюць правесці з маленькімі не адзін вечар пытанняў і адказаў.

Творы Віктара Кудлачова настолькі жыва ўяўляюцца, што хочацца тут жа ўзяць у рукі паперу, каляровыя алоўкі, фламастары, фарбы і тварыць! Героі вершаў, дарэчы, не праседжваюць цэлымі днямі перад маніторам, а атрымліваюць асалоду ад вандровак, спорту, словам, вядуць актыўнае жыццё — і вучаць гэтаму чытачоў. Гуляюць у даганялкі, кідаюць мяч, адпраўляюцца ў паходы, катаюцца на роліках і самакатах, бегаюць… Увогуле, падаюць добры прыклад! У кнізе «Прылятаюць ноччу сны» можна знайсці і рыфмаваныя апавяданні (якія больш падобныя да баек) пра жывёл. Напрыклад, малады козлік, які фарсіць у модных новых ботах і крычыць, што ён самы прыгожы, смелы, разумны, палохаецца звычайнага ката. «Смелый козлик так бежал, / что сапожки потерял», — смяецца аўтар.

Віктар Кудлачоў апавядае дзеткам і пра цікавыя моманты з жыцця іншых істот: жабакбалаболак, што спужаліся бусла і збеглі са свайго балотнага канцэрта, грацыёзнай страказы, якая хоча стаць верталётчыцай, коціка, што з’еў усю смятану, пераклаўшы віну на мышку… У кожным невялічкім творы хаваецца пытанне, на якое павінен адказаць чытач — а значыць, добра падумаць. Даволі грунтоўны адукацыйны (для пэўнага ўзросту — ад трох да сямі гадоў) складнік кнігі не выклікае сумненняў.

Віктар Кудлачоў звяртаецца як да тых, хто ходзіць у дзіцячы садок, так і да першакласнікаў, але ўсіх аднолькава натхняе імкнуцца да ведаў, больш чытаць. Пісьменнік шчыра дае адказы на вельмі розныя пытанні: пра тое, якую прафесію лепш выбраць у дарослай будучыні, навошта святлафору тры колеры, у чым карысць свежага паветра перад сном. У вершах «хаваюцца» парады і наконт правільных паводзін, норм этыкету: што можна, а што нельга рабіць у тэатры, грамадскім транспарце, за сталом падчас абеду, у лесе… Не забывае аўтар паразмаўляць з дзецьмі і на сур’ёзныя тэмы вайны і міру на зямлі, павагі да старэйшых, неабходнасці захавання сваёй спадчыны, любові да радзімы.

Цікава, што апавяданне ў зборніку плаўна рухаецца ў адпаведнасці са зменай пораў года, а вось падзелу на главы ў кнізе няма. Дадаткам да вершаў служаць скорагаворкі для трэніроўкі вымаўлення гукаў і літар кшталту «Дима на дудочке долго играл, / дедушка дудочку слушал, дремал / или «Листвою опавшей шурша, / Шла в шубке лиса не спеша». Загадкі можна знайсці на суседніх старонках і паразважаць разам з дзіцем, чаму даму ў цвёрдай кашулі называюць чарапахай, навошта снежань рассыпае на двары бязважкае, нібы пёры, срэбра і як шар, што круціцца на адной назе, змяшчае ў сабе ўвесь свет…

Марыя ВОЙЦІК

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/46-2015.pdf