Перакладаць?..
Ці варта сучаснаму беларускаму пісьменніку арыентавацца на расійскага чытача і прапаноўваць свае творы для перакладу на рускую мову? Ці патрэбныя пераклады рускамоўных тэкстаў на старонках беларускіх літаратурна-мастацкіх выданняў? Трэба думаць, што такія пытанні час ад часу наведваюць не толькі Аляксея Чароту — галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», — але і многіх чытачоў. Праблема руска-беларускіх перакладаў стала галоўнай для ўдзельнікаў тэматычнага «круглага стала» — пісьменнікаў Анатоля Андрэева і Генадзя Аўласенкі, перакладчыцы Ірыны Качатковай, супрацоўнікаў рэдакцыі «Нёмана» Алега Ждана і Наталлі Казапалянскай.
На думку Ірыны Качатковай, пераклады на рускую мову беларускамоўных пісьменнікаў запатрабаваныя і сёння: «Я часта сутыкаюся з жыхарамі нашай сталіцы — інжынерамі, настаўнікамі і іншымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, якія хацелі б пазнаёміцца з беларускай паэзіяй і прозай, але не знаходзяць перакладаў на рускую мову. Гэтыя людзі ўмеюць чытаць па-беларуску, але ў жыцці больш карыстаюцца рускай мовай. «Калі мне трапляе ў рукі беларуская кніга, я сяджу і разбіраю кожнае слова. Я разумею мову, але чытаць мне складана. Дайце мне пераклад!» — кажуць яны, і вельмі добра, што для гэтых чытачоў беларускамоўныя творы часам перакладаюцца.
Пераклады на рускую мову патрэбны па яшчэ адной прычыне: вельмі добра перакладаць з беларускай мовы адразу на французскую, англійскую альбо іспанскую. Але ці шмат у свеце перакладчыкаў з беларускай мовы? Большасць перакладаў на замежныя мовы ідуць праз рускую мову…».
«Мне здаецца, беларусам абавязкова трэба перакладацца на рускую мову, — зазначыў Анатоль Андрэеў. — Па-першае, абедзве краіны маюць блізкую культуру, па-другое, руская літаратура вельмі паўплывала на развіццё беларускай. Імкненне да ўзаемнага знаёмства, з пункту гледжання культурнага рашэння, абсалютна правільнае. Вядома, пераклад — гэта заўсёды культурны выклік, калі пісьменнік існуе ў адной мове і сцвярджае, што ў яго творах ёсць што канвертаваць. Да таго ж пераклад — гэта тэхналогія ўзбагачэння нацыянальнай літаратуры новымі прыёмамі, таму перакладаць з рускай мовы таксама варта».
Генадзь Аўласенка паставіў пад сумнеў актуальнасць перакладу рускамоўнай класікі і прызнаўся, што ніколі не меў жадання прачытаць Аляксандра Пушкіна па-беларуску.
Падчас «круглага стала» было таксама адзначана, што найбольш пасуюць для перакладу творы, якія адлюстроўваюць унікальную для пэўнай краіны сацыякультурную сітуацыю альбо дэманструюць рэальныя (не стэрэатыпныя) асаблівасці нацыянальнага менталітэту.
Вялікую цікавасць літаратараў выклікала праблема выжывання «тоўстых» літаратурна-мастацкіх часопісаў, абумоўленая супрацьстаяннем элітарнай і масавай (адназнача прыбытковай) літаратуры. На думку літаратуразнаўцы Анатоля Андрэева, рэдакцыі «тоўстых» часопісаў павінны ўздымаць аўтарытэт, а не тыражы.
«Якая розніца, колькі падпісчыкаў мае часопіс, калі ў выдання ёсць сапраўдная культурная вага? Што рабіць, калі колькасць падпісчыкаў значна зменшыцца? Зачыніць часопіс? Вы не часопіс зачыніце, а знішчыце культурную нішу, знішчыце інструмент, з дапамогай якога добрая літаратура адмяжоўваецца ад нізкаякаснай. У ЗША, напрыклад, існуе асаблівая ўніверсітэцкая літаратура. Там шмат плацяць за тое, каб выкладчыкі літаратуры пісалі і іх чыталі тыя, каму яны выкладаюць. Гэта ідыятызм? Фармальна так. Але так задаецца планка, і ніхто не здзівіцца, калі там з’явіцца сусветнага маштабу класік.
Тоўсты часопіс не дапаможа рабіць грошы. Літаратуру, якая прадаецца, трэба адразу выдаваць, а не публікаваць фрагментамі. Справа ў тым, што мы па нейкай традыцыі, якая ёсць яшчэ з савецкага часу, трымаем культурны ўзровень, і гэта для часопіса звышзадача».
Супрацоўнікі рэдакцыі «Нёмана» расказалі пра свае планы і спадзяванні. Загадчык аддзела прозы Алег Ждан чакае аўтараў добрых эксперыментальных твораў, а Наталля Казапалянская перасцерагае ад аўтаперакладаў: «самыя горшыя пераклады — гэта калі пісьменнік сам перакладае сябе».
«Часопіс “Нёман” добра ведаюць сёння — гэта культурны брэнд. Папулярызацыя беларускай літаратуры на рускай мове заўсёды была для яго галоўнай функцыяй, і цяпер гэта таксама апраўдана. Разам з тым “Нёман” — добрая магчымасць друкавацца для тых, хто піша па-руску. Удзельнічаць у працы выдання, якое мае менавіта культурны статус, — гэта вялікае задавальненне», — падагульніў размову Анатоль Андрэеў.
Алеся ЛАПІЦКАЯ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/46-2015.pdf