У рамках Года малой радзімы
Неардынарна вырашылі правесці выхадны дзень 7 лістапада ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” ДУК “Валожынскі раённы цэнтр культуры”, да якіх далучылася і кіраўнік народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца” Наталля Кліменак.
Напачатку ўсе разам накіраваліся ў Вішнева, дзе ўсклалі кветкі і запалілі лампадкі на магілах двух слаўных творцаў-землякоў – Канстанцыі Буйло і Пятра Біталя, аддалі ім даніну памяці і пашаны.
Пасля паехалі ў в. Адамова, дзе сяброўка па “Руні” Людміла Садоўская ў былым доме бацькоў мужа стварыла ўласны Дом аўтарскіх работ – “ДАР”. Тут усе яшчэ раз пераканаліся, які шматгранна таленавіты, апантаны творчасцю чалавек Людміла Вячаславаўна. На ўсіх сценах залы вышытыя ёй карціны падабраныя па тэмах і памерах, на секцыі пдзелкі з розных матэрыялаў , а паміж усім – яе ж вершы. Гаспадыня “ДАРа” зрабіла своеасаблівую творчую справаздачу перад сябрамі па пяры, чытала свае вершы-роздумы пра жыццё і лёс, важнасць дарыць людзям дабрыню і любоў.
І ў адказ пачула нямала добрых, шчырых слоў. Галіна Гражынская, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марыя Шакун прачыталі свае сугучныя тэме вершы. Тут жа, за салодкім сталом, адбылася прэм’ера песні Наталлі Жызнеўскай “Бацькаўшчына”, якую яна выканала пад уласны акампанемент на баяне, а прыпеў падхапілі ўсе.
Духам творчасці, адданасці роднай зямельцы і шчырага сяброўства была напоўнена гэтая сустрэча.