У палоне жывога слова
Пад манатонныя кроплі дажджу за вокнамі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса праходзіла спачатку ў чытальнай зале, а затым – у літаратурнай гасцёўні сустрэча з пісьменніцай, паэткай з Мінска Ірынай Карнавухавай. Перад пачаткам мерапрыемства яго арганізатары хваляваліся: ці не перашкодзіць восеньская непагадзь сабрацца прыхільнікам прыгожага пісьменства. А ў выніку давялося канстатаваць, што не толькі інтэрнэт-пляцоўкі, але і жывое мастацкае слова здольна збіраць людзей – давялося нават шукаць дадатковыя крэслы для аматараў літаратуры з Узды, Магільна, Цялякава…
Імя І. Карнавухавай добра вядома ў літаратурных, і не толькі, колах Міншчыны. Яна з’яўляецца кіраўніком абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза музычных дзеячаў нашай краіны, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэатам літаратурнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, шматлікіх іншых прэстыжных літаратурных конкурсаў. У яе творчай скарбонцы 24 кнігі паэзіі і прозы. А ў жыцці гэта проста абаяльная жанчына, клапатлівая мама і бабуля з чулай і адкрытай для сяброўства душой.
З першых хвілін сустрэчы Ірына Аляксандраўна, што называецца, узяла лейцы ў свае рукі і ўпэўнена трымала аўдыторыю пад сваёй увагай. Чытанне вершаў чаргавалася з біяграфічнымі звесткамі, лірычныя ўспаміны з дзяцінства – з філасофскімі разважаннямі над актуальнымі праблемамі сучаснасці. Такая ж разнапланавая і яе творчасць: вершы для дзяцей і дарожныя замалёўкі, духоўная літаратура і лірычныя песні. Слухалі яе ўважліва, нібы абвяргаючы радкі, што прагучалі ў пачатку сустрэчы”:“Классики литературы не в чести, ибо в интернете вся планета”.
А яшчэ ўздзенцы пацвердзілі, што і наша зямля багата на таленты. Не выпадкова ж сярод членаў абласнога клуба “Жывіца” з часоў яго існавання і па сённяшні дзень нямала жыхароў прынёманскага краю. Гасцей літаратурнай імпрэзы віталі песнямі на вершы тутэйшых аўтараў Алег Каламіец і ансамбль “Зборная субота”. “Радком сваім я край праслаўлю” – так называлася сустрэча, і такім лейтматывам былі прасякнуты выступленні членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Сабалеўскага і Галіны Нічыпаровіч, Дзмітрыя Вінаградава і Таццяны Цехнебедзінай, членаў літаратурнага аб’яднання “Нёманец” Аксаны Драчан, Ніны Лятун, Алы Шыбко, Тамары Каляда, Валянціны Шытыка, Паліны Кучук, Вольгі Бокуць-Чабатаровай.
Творцы абмяняліся апошнімі навінамі, творчымі здабыткамі, аўтографамі, планамі на будучае. У прыватнасці, Ірына Аляксандраўна дала згоду выступіць перад юнымі чытачамі Уздзенскай дзіцячай бібліятэкі, запрасіла ўсіх жадаючых прыняць удзел у мерапрыемствах з удзелам вядомых пісьменнікаў, паэтаў на сталічных сцэнах.
Сяргей ВАСІЛЬЧУК