У лясной краіне дзяцінства

Галіна Нупрэйчык (Плакса), горад Клецк

У лясной краіне дзяцінства

Акцыя “Лета з добрай кнігай”

Дваццаць восьмы дзень сёлетняга ліпеня выдаўся цёплым, сонечным пасля дажджлівага тыдня. Светлым успамінам аб гэтым дні засталося наведванне летняга аздараўленчага дзіцячага лагера “Нача”, што знаходзіцца ў Клецкім раёне Мінскай вобласці. У шматлікіх месцах адпачынку дзяцей нашы пісьменнікі  ладзяць мерапрыемствы ў межах рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Амаль кіламетр ішла пешшу, любавалася высокімі дрэвамі, наталялася чысцінёй паветра і крышачку непакоілася: як сустрэнуць дзеці, ці зацікаўлю іх? Лагер знаходзіцца ў сасновым лесе. Працаўнікі сустрэлі мяне ветліва, правялі да вялікай палаткі з вокнамі, куды неўзабаве прыйшлі з выхавальніцай мае маленькія слухачы шасці – дзевяцігадовага ўзросту. Мне спадабалася іх актыўнасць, хлопчыкі і дзяўчынкі задавалі шмат пытанняў, з цікавасцю знаёміліся з кніжкамі, якія прывезла з сабой. Я ж, у сваю чаргу, пазнаёміла іх з маляўнічым фотапаэтычным альбомам Уладзіслава Цыдзіка “Зачараваны Беларуссю”,  у якім змешчана шмат вершаў паэтаў Міншчыны, таксама паказала калектыўныя паэтычныя зборнікі Мінскага абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, напісаныя для дзяцей, пачытала свае вершы. Прывезла і фотаздымкі кветак, дрэў, жывёл з вершанятамі-апісаннямі. Рабяты  прасілі пачытаць пра  вожыка, кацянят, жабянятак, якія асабліва спадабаліся на фота, расказвалі пра сваіх хатніх жывёл. Цікавым заняткам для маіх суразмоўцаў стала разгадванне загадак, рашэнне матэматычных вершаваных задач, дзе ў першую чаргу неабходна ўважлівасць. Радасцю свяціліся вочы, калі штосьці адразу атрымлівалася.

Мяне  здзівіла, што на маё пытанне: “Для чаго чалавеку патрэбна кніга?” дзевяцігадовая дзяўчынка Аліса дала цалкам вычарпальны адказ, якім вельмі хацелася б падагульніць сардэчную гутарку ў летніку.

Час праляцеў хутка. Дзятва ўважліва разгледзела кнігі. Было радасна і крыху сумна, калі пачула: “А заўтра таксама да нас прыедзеце?”. Пры развітанні з здзецьмі пажадала ім чытаць шмат добрых кніжак, якія, як сказала Аліса, даюць нам веды, радасць, упэўненасць у сабе і смеласць у зносінах з людзьмі.

Прыемна было адзначыць цікаўнасць школьнікаў да навакольнага свету. Адчуваецца, што з імі шмат працуюць бацькі, настаўнікі.

Не першы год раблю выснову: акцыя “Лета з добрай кнігай” неабходная, карысная і заўсёды прыносіць плён.

Інфармацыю падрыхтавала і даслала Галіна Нупрэйчык (Плакса)