Таццяна Цвірко

Цвірко Таццяна Канстанцінаўна нарадзілася 25 жніўня 1967 года ў вёсцы Рассветная Клецкага раёна. Скончыла Нясвіжскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”. У 1994 г. завочна скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала педагогам-арганізатарам у Клецкім дзіцячым доме № 1, загадчыцай дзіцячага сада “Дзюймовачка” (вёска Даматканавічы Клецкага раёна), дырэктарам прыватнага прадпрыемства “Рунька-торг” (г. Клецк).

Паэт, празаік, паэт-песеннік, перакладчык. Творы Т. Цвірко публікаваліся ў газетах “Чырвоная змена”, “Мінская праўда”, “Настаўніцкая газета”, часопісах “Маладосць”, “Гаспадыня” і інш. Яна суаўтар многіх калектыўных зборнікаў, якія выдаваліся Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, народным клубам “Жывіца”, а таксама беларуска-польскай анталогіі “Масты”.

Некаторыя творы перакладзены на рускую, украінскую і польскую мовы. З’яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў і песень “Ясачка долі маёй”, празаічнага зборніка “Слодыч мяты – горыч палыну”, паэтычнай кнігі ”Зноў з табой я, месцейка святое”, “І толькі май іх не забудзе (да 75-годдзя Вялікай Перамогі)”, “Вершам прарасту…”.

Т. Цвірко з’яўляецца пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Бацькаўшчына светлая мая”, літаратурнага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі “Радзіма мая дарагая” і іншых.