Таленты і пакаленні
Слуцкая гімназія № 1 — старэйшая ў Беларусі сярэдняя навучальная ўстанова. Яшчэ ў 1617 годзе тут было заснавана Слуцкае кальвінісцкае вучылішча, якое пазней стала называцца гімназіяй і захоўвае гэты статус па сёння. На творчую сустрэчу, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы, сюды завіталі сябры Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Намеснік старшыні аддзялення Ірына Карнаухава прачытала свае вершаваныя і празаічныя радкі, прысвечаныя дзецям. Знайшлі водгук у юных слухачоў творы уздзенскага паэта Віктара Сабалеўскага — пра родную прыроду, вясковае жыццё, каханне. Заслаўская паэтэса Святлана Быкава правяла займальны ўрок роднай мовы для вучняў малодшых класаў — у загадках, прымаўках, вершах. На развітанне гімназісты падарылі гасцям сувенірныя паяскі.
Міжнародны дзень роднай мовы адсвяткавалі і ў сталічнай гімназіі № 4 — гэтым разам з удзелам пісьменніка Анатоля Зэкава. На сустрэчы творца чытаў свае вершы, у тым ліку з новых парадыйных зборнікаў «Тары-бары», «Вінегрэт пад фуршэт» і «Замарожаныя пачуцці», распавядаў цікавыя жыццёвыя гісторыі, якія пасля леглі ў аснову празаічных твораў.
Паэтычны зборнік старшыні Саюза пісьменнікаў Дагестана, народнага паэта Дагестана Магамеда Ахмедава «Горная ліра» ў перакладзе з аварскай на беларускую мову Міхася Пазнякова быў прэзентаваны ў сталічнай публічнай бібліятэцы № 7. Паэт, член СПБ Хізры Асадулаеў прапанаваў публіцы некалькі сваіх вершаў і вершаў Магамеда Ахмедава пааварску, распавёў пра культурныя традыцыі ды звычаі горцаў. А яшчэ прачытаў уласны верш пра Беларусь (якая з цягам часу стала для яго другой радзімай) у перакладзе з карацінскай мовы на беларускую Рыгора Барадуліна.
Галоўны спецыяліст МГА СПБ паэтэса Іна Фралова распавяла аб праекце «Літаратурныя сезоны», у межах якога сёлета, у Год культуры, у сценах бібліятэкі № 7 будзе гучаць паэтычнае слова розных краін свету.
У Міжнародны дзень роднай мовы гасцей прымала і рэдакцыя айчынных часопісаў «Буся» і «Вясёлка»: сюды завітала пераможца конкурсу малюнкаў «Зялёная жабка», абвешчанага летась часопісам «Буся», — 5-гадовая Міхаліна Запартыка. Вядома, не адна, а разам з бацькам, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі Аляксандрам Запартыкам, і бабуляй, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыка. Усё ж пачынаецца з сям’і! Галоўны рэдактар часопісаў «Буся» і «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі ўручыў Міхаліне падзяку за прадстаўлены на конкурс малюнак.
Дзіна ДОЛЬСКАЯ