Давайце пазнаёмімся: Кастусь Цыбульскі

1Цыбульскi Канстанцiн Пятровiч нарадзiўся 7 мая 1956 г. у невялiчкай вёсцы Забалоцце, Маладзечанскага раёна. Закончыў Лебедзеўскую сярэднюю школу.  Адразу пасля школы ў 1973 годзе – рабочы механiчнага завода «Спадарожнiк» у Маладзечна.

З 1974 па 1976 гг. – служба ў войску (Прыкарпацкая ваенная акруга на Украiне).

З 1976 г. – слухач падрыхтоўчага аддзялення фiлфака БДУ iмя Ленiна. З 1977 па 1982 гг. – студэнт стацыянара фiлфака БДУ. Актыўны ўдзельнiк мастацкай самадзейнасцi, заўзяты спартсмен секцыi каратэ, пазаштатны карэспандэнт Беларускага радыё (праграма «Рамантыкi»), удзельнiк лiтаратурнага аб’яднання «Узлёт» фiлфака БДУ, якiм кiраваў прафесар А.А. Лойка.

З 1982 па 1998 гг. – супрацоўнiк Слуцкага аддзела мiлiцыi (iнспектар iнспекцыi па справах непаўналетнiх). Больш 10 год быў старшынёй лiтаратурнага аб’яднання, а затым лiтаратурнага Саюза «Случ», складальнік калектыўнага зборнiка «На крылах душы» лiтаратараў Случчыны. Неаднаразовы пераможца рэспублiканскiх лiтаратурных конкурсаў.

З 1998 па 2004 гг. — начальнiк прэсс-цэнтра, спецыяльны карэспандэнт цэнтра грамадскiх сувязяў Упраўлення ўнутраных спраў Мiнскага аблвыканкама. Падпалкоўнiк мiлiцыi. Удзельнiк i неаднаразовы пераможца (2000, 2002, 2003 гг.) Мiжнароднага кiнатэлефестываля “Закон i грамадства”, зараз “Дэтэктыў-фэст” у   г.Масква (рэжысёр i сцэнарыст). Аўтар гiмна вышэй названага кiнатэлефестываля.

З 2004 па 2006 гг. — галоўны эксперт дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Камiтэта па працы i сацыяльнай абароне Мiнскага абласнога выканкама.

Аўтар 5 зборнiкаў паэзii i песень: «Ноч маладзiка» (1994), «Вецер эпохi» (1995), «Малiтва i песня» (2006), «Силуэт в окне» (2006), «Мгновение над бездной» (2008). Калектыўных зборнiкаў: «Вёсны» (1977), «Поиск» (1995), «Я тут бачу свой край» (2005), калектыўнага песеннага зборнiка «Песню бярыце з сабою» (2005).

З 1997 года паэтам створана мноства песень, якiя выконваюць зоркi беларускай эстрады: В.Дайнека, М.Скорыкаў, Я.Навуменка, У.Правалiнскi, М.Васiлеўская, А.Сямёнаў, А.Ярмоленка i ансамбль «Сябры», Ф.Жыляк i ансамбль «Явар», В.Кiрыленка, Т.Лазоўская i ансамблi «Бяседа», «Талака», Народны хор iмя Цiтовiча, паказальны аркестр МУС Беларусi, вакальная группа «Рэй» i многія iншыя. Песнi напiсаны такiмi кампазiтарамi, як Валерый Iваноў, Эдуард Зарыцкi, Леанiд Захлеўны, Уладзiмiр Буднiк, Мiкалай Сацура, Дзмiтрый Далгалёў, Вячаслаў Шарапаў, Уладзiмiр Карызна–малодшы; Алена Атрашкевiч, Фёдар Жыляк, Леанiд Шурман, Сяргей Баевiч i iншыя.

Шэраг песень прысвечана беларускай мiлiцыi, МЧС, ДАI МУС РБ, крымiнальнаму вышуку, дзяржаўтаiнспекцыi Мiнскай вобласцi,  беларускiм хлебаробам, заводу “БЕЛАЗ”, філіялу завода “МАЗ”, аб’яднанню “Прамтэхмантаж”, заводу “Крышталь”.

Песнi гучалi на «Славянскiм базары» ў Вiцебску, на свяце песнi i паэзii ў г.Маладзечна, у Палацы Рэспублiкi на песенным фестывалi «На перекрёстках Европы» (песня «Пани Гражина» стала песняй года–2004), на рэспублiканскiх песенных фестывалях «Песню бярыце з сабою», на рэспублiканскiх i абласных святах «Дажынкi — 2005, 2006, 2011» у Слуцку, Бабруйску, Маладзечна i iнш.

К.Цыбульскім праведзены 7 аўтарскiх вечароў: у Акружным доме афiцэраў г.Мiнска (2001), на Днi мацi у ГДК г.Клецка (2002), у Палацы культуры г.Маладзечна (2003), на фiлфаку БДУ (2004), у клубе iмя Дзяржынскага (2006), у Палацы культуры  г. Маладзечна (2007), у тэатры маладзёжнай эстрады (2013).

Неаднаразова ўзнагароджваўся медалямі МУС Расіі і Беларусi, Ганаровымi граматамi Мiнскага аблвыканкама, УУС Мiнскага аблвыканкама, дыпломамi i каштоўнымi падарункамi.

Удзельнік і пераможца міжнароднага літаратурнага конкурса “Прыгоды прыходзяць самі” ў Польшчы.

Зараз з’яўляецца старшынёй секцыі музыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.