С. Карыцька. Спелы жнівень
Шчасце ёсць
Ці ведаеце вы, дзе шукаць шчасце, як спраўляцца з душэўным болем, што значыць шчырая любоў, пранесеная праз гады, і чаму родны дом даражэй за ўсё на свеце? Кніга Сяргея Карыцькі «Спелы жнівень», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», навучыць шмат чаму. У зборнік увайшлі як новыя, так і выбраныя творы аўтара з папярэдніх выданняў, пранікнёныя вершы ў раздзеле «Споведзь» і афарыстычныя мініяцюры пад агульнай назвай «Імгненні».
Увесь час аўтара клічуць родныя вясковыя дарогі Палескага краю, «чароўны шэпт вольхаў і дубоў», «блакітныя вочы нарачанскіх азёр», шум калоссяў, што наліваюцца гаючай спеласцю зямлі… Ён чэрпае сілы ў прыродзе, што прапануе зрабіць і чытачам. «Вада спрачаецца ляніва з берагамі, / За імі сочыць пільная вярба. / Брыду па лузе босымі нагамі, / Хмялее ад паветра галава», — аўтар літаральна заражае сваім негарадскім светапоглядам, цягне ад штодзённых турбот да ніў, пралесак і лугоў…
Малой радзіме ён прызнаецца ў каханні, да яе звяртаецца думкамі, калі на душы горка, дзякуючы ёй забываецца на няўдачы, роспач, смутак і бяду. Вёска, падворак, хата — тут душа паэта заўсёды адпачывае, тут «мар юнацкіх скрутак», які дае сілы жыць, кахаць, тварыць. «Мая сядзіба — мой Сусвет», — кажа Сяргей Карыцька і адразу ж узгадвае самае святое, што ёсць у кожнага чалавека, — маці. «Там яшчэ шчыруюць пчолы ў вуллях / І паветра як гаючы мёд. / Там яшчэ жыве мая матуля, / Дай ёй Бог найболей добрых год».
«Многа год у цябе за плячыма, / І я дзякую Бога і лёс, / Што даруе такую магчымасць / Бачыць вочы твае без слёз. / Хоць ужо не хапае сілы, / Рукі сталі слабець і дрыжаць… / Колькі нас ты ў дзяцінстве насіла / І начэй не магла дасыпаць!» — гучыць шчырая споведзь сына. У вершах аўтара прасочваецца любоў да ўсяго свету, дзіўны для нашага жорсткага часу гуманізм, павага да людзей, жаданне рабіць толькі дабро. «Што ж наконт шчасця?» — спытаеце вы. «Каб быць шчаслівым, многа не патрэбна — / Праменьчык сонца прывітаў мяне, / І цэлы дзень вакол смяецца неба, / І ад удзячнасці душа мая пяе», — адкажа паэт.
Увесь час Сяргей Карыцька звяртаецца ў вершаваных радках да ўласных успамінаў, азіраецца на гады юнацтва, пераасэнсоўвае пройдзены шлях, вучыць змагацца з песімістычнымі думкамі. Ён аналізуе, як з узростам мяняюцца ідэалы і жаданні, вучыць цаніць маладосць, разумець, што дні ідуць няспынна, таму трэба іх берагчы. «Лёс такі, напэўна, чалавека, / Як бы часам ён не даражыў, / За плячыма болей чым паўвека, / А яшчэ, здаецца, і не жыў. «Як хораша на свеце жыць — вось філасофія аўтара! І няважна, колькі табе гадоў: 16 альбо 70. «Я нямала пражыў, за плячыма ўжо больш за паўвека, / Ды, на шчасце, не страціў жадання зрабіць адкрыццё», — прызнаецца Сяргей Карыцька. Шмат мар, натхнення, планаў віруе ў яго крыві і зараз, бо ён верыць: вецер заўсёды разганяе хмары бяды, і небасхіл успыхвае новай надзеяй.
Мае сваё месца ў кнізе і любоўная лірыка. Аўтар узгадвае таямнічую жанчыну, без якой яму не мілы свет, якая знікла, ды пакінула сляды ў сэрцы. «Ты маё веснавое бяссонне / Непагасная мара мая», — шчыра выгуквае паэт.
Чаму яшчэ вучыць Сяргей Карыцька? Веры! У Бога і сябе. Шчырыя малітвы, просьбы, каб забраў Усявышні ад людзей зайздрасць, гнеў, ганарлівасць, даў дабрыню, спачуванне.
«Нам не хапае добрых слоў, / Як птушкам не хапае неба, / Хаваем ад людзей любоў, / Калі саромецца не трэба…» — стасункі паміж людзьмі — яшчэ адна важная тэма лірыкі аўтара. Ён заклікае дарыць адзін аднаму ўсмешкі, больш размаўляць, дзяліцца думкамі і марамі, клапаціцца пра родных і сяброў.
Марыя ВОЙЦІК
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/07/29-2015.pdf