“Дзеля такога – трэба жыць…”

Акцыя “Сямейнае чытанне”, распачатая 6 кастрычніка, упэўнена крочыць па краіне, аб’ядноўваючы розныя пакаленні праз кнігу. Аднак беларускія сем’і не толькі разам чытаюць, але і разам пішуць і выступаюць. Пра гэта – у інтэрв’ю члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Кажуры і яго ўнучкі Ангеліны Прохаравай.

SAMSUNG CAMERA PICTURES

— Віктар Віктаравіч, што для Вас значыць акцыя “Сямейнае чытанне” і якую ролю адыгрывае сям’я ў Вашай творчасці?

— Акцыя “Сямейнае чытанне” дазваляе паказаць дзецям, што першае чытанне – гэта абавязкова папяровая кніга, а не электронная: дзеці павінны самі адчуць, як шалясцяць пад пальцамі старонкі, як выглядае “жывая” надрукаваная ілюстрацыя, нават адчуць пах новай кнігі таксама вельмі важна. Пазней – паказаць дзецям, дзе знаходзяцца бібліятэкі, каб дзеці самі захацелі стаць пастаяннымі і актыўнымі чытачамі гэтых храмаў кнігі. Праз гэту акцыю дзіця далучаецца з дапамогай бацькоў да сапраўднай мастацкай літаратуры, а не той масавай культуры, што найчасцей сустракаецца ў пасядзённым жыцці.

Мая сям’я – гэта і першыя чытачы, і крытыкі, і мае натхняльнікі. І, сказаўшы па сакрэце, гэта перспектыва маёй творчасці, бо здараецца так, што вычэрпваеш сябе цалкам і не ведаеш, якім шляхам ісці далей, а сям’я, і ў першую чаргу ўнукі, падказваюць тэмы і сюжэты, як здарылася, напрыклад, з падборкамі вершаў “Ангеліне і Цімошку – пра машыны і дарожку”, “Бусловыя казкі”.

Вялікі ўплыў на маю творчасць мае і мая маці – Анастасія Міхайлаўна, якая шчыра, праўдзіва і вельмі тактоўна ацэньвае напісанае. Яна першай паверыла ў мае здольнасці. Ды і твораў, прысвечаных ёй, у мяне шмат:

Жыцця твайго у гэтым крэда,

Дзеля такога варта жыць,

Каб нават сэрца, калі трэба,

Другім на шчасце падарыць.

— Ваша кніга “Паэтычныя забавы”, якая выйшла ў выдавецкім доме “Звязда”, прысвечана ўнукам Ангеліне і Цімафею. Як паўплывала іх з’яўленне на свет на Вашу творчасць і жыццё наогул?

— Безумоўна, яны змянілі маё жыццё, я адчуваю сябе больш адказным, спакойным і нават крышачку сентыментальным: найперш трэба выканаць іх просьбы і адказаць на іх пытанні (абавязкова!), а сваё – ужо потым, як атрымаецца.

Да іх нараджэння я не пісаў дзіцячых твораў, нават пра вершы для дарослых пачаў забывацца. А нараджэнне Ангеліны стала той бліскавіцай, якая асвятліла і паказала сапраўды маё прызначэнне ў літаратуры, бо ў Саюз пісьменнікаў Беларусі я быў прыняты дзякуючы творам для дзяцей. Мне хацелася, каб унукі чыталі тое, што напісана менавіта для іх і пра іх, што яшчэ ніхто не чуў і не бачыў.

— Мы ведаем, што Ангеліна з’яўляецца не толькі крыніцай натхнення, але і актыўнай удзельніцай Вашых выступленняў: яна з задавальненнем чытае перад аўдыторыяй Вашы вершы, дапамагае разгадваць загадкі і знаёміць слухачоў з першымі ўласнымі творчымі поспехамі. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

— Я выступаў адзін перад дзіцячымі аўдыторыямі. Дзеці слухаюць з задавальненнем, але яно хутка праходзіць, нечаканая сустрэча з “сапраўдным пісьменнікам” становіцца не такой цікавай, бо дзецям хочацца нечага новага – новых формаў, новым прыёмаў.

А калі мы пачалі выступаць з унучкай, то адразу стала лягчэй і займальней. Дзеці ўжо не толькі ідуць паглядзець на пісьменніка, але і паслухаць свайго равесніка, які чытае творы дзеда і свае — увачавідкі змяняецца настрой аўдыторыі. Аўдыторыя набліжаецца да выступоўцаў, па-сапраўднаму цікаваіцца і перажывае тое, што хацелася свазаць нам. Сумесныя выступленні з Ангелінай сталі ўжо традыцыяй: мы выступалі ў навучальных установах Вілейкі, лагеры адпачынку “Лясны гарадок”, а цяпер атрымалі запрашэнне ад дзіцячай бібліятэкі імя Кузьмы Чорнага.

— У свае 5 год Ангеліна ўжо мае першую публікацыю ў часопісе “Рюкзачишка”. Калі Вы заўважылі, што ў дзяўчынкі ёсць талент? І якую ролю адыгрываеце Вы ў яго развіцці? З’яўляецеся крытыкам і рэдактарам ці проста атрымліваеце задавальненне ад знаёмства з творамі ўнучкі?

— Пра талент, можа, гаварыць і рана, а што здольнасці ёсць, дык гэта відавочна. Мы вельмі часта ездзім з ёю да прабабулі, а шлях няблізкі, яна ж дзяўчынка вельмі гаварлівая і за дарогу пагаворым пра многае. І я стаў заўважаць, было гэта гады 2 назад, што часам гаворка Ангеліны бывае рытмічнай і рыфмаванай. Калі мы паспрабавалі скласці па дарозе верш, то з яе вуснаў прагучала такая заўвага: “Дзед, у цябе няправільная рыфма! Трэба вось так!” І яна сама імкнецца адшукаць гэтыя рыфмаваныя словы, а калі не знаходзіць, то прыдумвае свае. А я для яе першы слухач, суаўтар і машыніст. Тут адначасова – і крытык, і рэдактар, і ў нейкай меры Муз-натхняльнік (смяецца), які атрымлівае найвялікшае задавальненне ад твораў унучкі.

— Ці праяўляе ўжо прыкметы пісьменніцкага таленту Цімафей? І як ён успрымае Вашы дзіцячыя творы?

— Яму толькі 2 гады, але ў гэтым узросце ён вельмі добра размаўляе і даволі многа разумее. У яго ёсць адчуванне рытму. Недахоп слоўніка кампенсуецца гукавай імітацыяй. І, канешне ж, з радасцю разглядае малюнкі ў маіх кніжках.

— Віктар Віктаравіч, ці плануеце Вы нейкі сумесны творчы праект з унучкай? Яна ўжо стварала ілюстрацыі да Вашай кніжкі-чытанкі “Азбукоўнік”. Калі мы зможам убачыць іншыя вынікі сумеснай працы?

— Дзякуй за падказку! У 2013 годзе выйшла кніга “Гэта ўсё – Радзіма наша”, адзін з раздзелаў якой быў прысвечаны загадкам. Разам з унукамі, спадзяюся, будзем працягваць працу ў гэтым накірунку, падрыхтуем новы цыкл загадак, але ўжо з ілюстрацыямі Ангеліны. А там, глядзіш, падрасце і Цімошка.

 СЛОВА МАЛАДЫМ ТАЛЕНТАМ

— Ангеліна, скажы, калі ласка, што табе больш падабаецца: маляваць ці пісаць вершы?

— Мне больш падабаецца маляваць. Але, калі я пішу вершы, то потым у мяне з’яўляецца жаданне намаляваць карцінку да свайго верша.

— Калі ты напісала свой першы верш?

— Аднойчы мы з дзедам ехалі да прабабулі Насці і спыніліся адпачыць у лесе. Дзядуля пачаў размаўляць са мной пра правілы дарожнага руху – і ў выніку з’явіўся верш пра майго малодшага браціка Цімоху і правілы паводзін на дарозе:

Вышел Тима на дорожку,

Поиграть решил немножко.

Только смотрит – вот беда:

Мчат  машины кто куда.

Осторожным будь, Тимошка:

Не для нас она, дорожка.

А чтоб было всё в порядке,

Поиграем на площадке.

— Што ты адчула, калі ўбачыла свае малюнкі і вершы ў часопісе “Рюкзачишка”?

— Я была вельмі ўзрадаваная, мне было прыемна і весела. Але адразу зарасомелася…

— Табе падабаюцца вершы дзядулі? Які з іх ты любіш больш за іншыя?

— Мне вельмі падабаюцца дзядулевы вершы. Асабліва з “Азбукоўніка” пра бегемота і бусліка і верш “Заботливый Мишка”.

 Гутарыла Бажэна Мацюк

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.