Рыгор Сакалоўскі

Сакалоўскі Рыгор Васільевіч (1946 – 2011)

Нарадзіўся ў вёсцы Багданаўка Сямёнаўскага (скасаваны, зараз – Крэменчугскага) раёна Палтаўскай вобласці (Украіна). Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, рэдактарскае аддзяленне Ваенна-палітычнай акадэміі імя У.І. Леніна. Службу праходзіў у паветрана-дэсантных вайсках, быў галоўным рэдактарам газеты “Во славу Родины” Беларускай ваеннай акругі і Міністэрства абароны Беларусі. Ветэран вайны ў Афганістане. Меў воінскае званне палкоўнік. Пасля звальнення з арміі працаваў першым намеснікам старшыні Беларускага саюза журналістаў. Першы старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Паэт, публіцыст. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За высокія творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва”, літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” у намінацыі “Паэзія” (2009), лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Паэзія” (2007). У бібліяграфіі пісьменніка кнігі паэзіі: “Строки любви” (1994), “Афганская тетрадь” (1994), “Зарево души” (1995), “Память и боль” (1999), “Счастье земное” (2002), “Глазами любви” (2003), “И век с тобою не расстанусь…” (2004), “Звезды и сердца” (2005), “Мозаика чувств” (2006), “Горсть надежды и любви” (2008), “Афганское эхо” (2009), “Доверясь чувству одному…”, (2010), “Звенят подковами года” (2011).