Мікалай Кароль
Кароль Мікалай Вікенцьевіч – нарадзіўся 28 снежня 1950 года ў вёсцы Таўкачэвічы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Скончыўшы мясцовую васьмігодку, паступіў у Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум (1966). Ва ўзросце, калі некаторыя з яго аднавяскоўцаў пасля школы афіцыйна нідзе не працавалі, чакаючы павесткі ў армію, спазнаваў жыццё ў якасці памочніка брыгадзіра трактарнай брыгады калгаса “ХVI партз’езд”. У тыя гады з’явіліся ў сшытках юнака вершаваныя радкі, а “Чырвоная зорка” змясціў яго допісы пра справы сваіх землякоў. Пасля пераехаў ва Узду, працаваў карэспандэнтам у раённай газеце, вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Хлопца з актыўнай жыццёвай пазіцыяй запрасілі на работу ў райкам камсамола, затым – у райкам партыі. Але сваё прызванне і творчае прызначэнне ён знайшоў менавіта на журналісцкай рабоце. Узначальваў калектыў “Чырвонай зоркі”. У жніўні 1988 года пераехаў у Мінск. Працаваў у абласной газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, на працягу многіх гадоў – намеснікам галоўнага рэдактара, пасля – карэспандэнтам газеты “Рэспубліка” і “Беларуская ніва”.