Міхайлаў Альберт Аляксеевіч

Альберт Міхайлаў – нарадзіўся 16 чэрвеня 1947 ў г. Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут і Кіеўскі інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання (завочна, 1992). Спецыяльнасці па адукацыі — «Выкладчык чарчэння, малявання і працы; палітолаг», «Выкладчык палітычных навук у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах». Працаваць пачынаў настаўнікам Старадарожскай СШ № 1. Служыў у танкавых войсках Савецкай арміі. Пасля службы ў арміі, 6 гадоў працаваў інжынерам райсельгастэхнікі, затым 6 гадоў загадчыкам агульнага аддзела РК КПБ і 22 гады намеснікам старшыні Старадарожскага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і інфармаванні. Актыўна вырашаў пытанні будаўніцтва, рэканструкцыі, мастацкага аздаблення аб’ектаў сацыяльнай сферы, развіцця музейнай справы, народных рамёстваў, падтрымкі таленавітай моладзі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў.

Друкаваўся ў газетах «Звязда», «Белорусская нива», «Літаратура і мастацтва», «Мінская праўда», «Навіны Старадарожчыны», часопісах «Беларуская думка», «Беларусь», «Вожык» і інш.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Спявай, труба!» (2004), «Пакланюся сваёй Беларусі» (2007). Шэраг вершаў А. Міхайлава пакладзены на музыку, песні ўключаны ў рэпертуар ансамбляў «Песняры», «Сузор’е», «Бяседа», «Алюр». Аўтар слоў гімна Старадарожскага раёна.

Як мастак-графік афармляў кнігу паэта-земляка Алеся Усені «Я хачу на сваю планету», кнігі вершаў старадарожскіх паэтаў «Расінка», «Арэскія вытокі», «Росныя далі».

Памёр 24 лютага 2010 года.