Пухавіччына паэтычная

Пухавіччына паэтычная

Значная  падзея адбылася нядаўна  ў літаратурным   жыцці Пухавіцкага раёна.  У выдавецтве “Каўчэг”   пад рубрыкай “Пухавіччына паэтычная” выйшаў ў  свет калектыўны зборнік “Уласным лёсам спалучаць вякі”. Выдадзена кніга, дзякуючы намаганням членаў Мінскага  абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгі Савасцюк і Уладзіміра Рунцэвіча. Важкі ўклад у гэту добрую справу зрабіла і  адна з аўтараў зборніка Святлана Рыжкова .

Кніга адметная тым, што складаецца з некалькіх раздзелаў. Складальнікі задумалі яе так, каб паказаць паэтычную Пухавіччыну у розны час. У першым раздзеле змешчаны творы знакамітых паэтаў-землякоў Міхася Чарота, Аркадзя Моркаўкі, Уладзіміра Хадыкі, Алеся Бачылы, Таісы Бондар і іншых паэтаў.

У наступным раздзеле ўвекавечана памяць тых  паэтаў-сучаснікаў, якія ўжо пайшлі з жыцця.

Яшчэ два раздзелы прысвечаны творчасці паэтаў нашага часу і  маладых аўтараў, якія робяць першыя крокі ў паэтычнай творчасці. Таму і была выбрана для зборніка такая назва “Уласным лёсам спалучаць вякі”.

Нядаўна ў Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі.  У ёй прынялі ўдзел аўтары зборніка, іх сябры, знаёмыя.

Вольга Савасцюк, Уладзімір Рунцэвіч, Святлана Рыжкова расказалі  як стваралася кніга і павіншавалі яе аўтараў з дэбютам.  Выступілі і госці мерапрыемства.  Аўтары прачыталі свае вершы.

У ходзе прэзентацыі  прагучала прапанова падрыхтаваць новы зборнік. Яе падтрымалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы.

 

Інфармацыю даслала Вольга Савасцюк