Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Дзмітрый Краскоўскі
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Дзмітрый Краскоўскі"
Максіму Багдановічу
Гляджу на Млечны шлях, на россып зорак,
Абрысы бору спяць у цішыні
І прахалодай ахінае золак,
Венера-зорка ззяе ў вышыні.
Пісалі пра прыроду ўсе паэты,
Ды ён – з вялікай літары Паэт!
Вякі мінуць, а застанецца гэты,
Максіма Багдановіча, сюжэт.
Хоць маладым сышоў ад нас у Вечнасць,
На Млечны шлях пайшоў, як на шашу,
Ды вершы пра каханне, чалавечнасць,
Крануць заўсёды чытача душу.
Яго “Лявоніха” гучала ў народзе,
Настрой заўжды ўзнімаўся ад яе
І танец, у імклівым карагодзе,
Засумаваць і сёння не дае.
Хай адбіваюць рытм свой чаравікі,
Змяняюцца культуры і часы…
Імя навечна ўславіў – Вераніка
І Слуцка залатыя паясы.
Паэт
У органах больш працаваць
Здароўя моцнага не маю.
“Дастала” рапарты пісаць:
“…и настоящим сообщаю”.
Цяпер ужо пенсіянер:
Ні рапартаў, ні пратакола…
Таму, на захадны манер,
Пісаць рашыў пра ўсё наўкола,
Ды каб парадаваць сяброў,
Тых асабліва, хто не піша…
І вершы будуць – будзь здароў!
…Папера, ручка, у хаце – ціша…
Спачатку весела было,
Бо рыфму так круціў і гэтак.
Ды праз гадзіну дапякло –
Не абыйсціся без таблетак.
У галаве нібы мука –
Хвіліны поўнага адчаю…
Прывычна вывела рука:
“…и настоящим сообщаю”…
Продкаў запавет
Паўтараць я буду зноў і зноў
Нашых продкаў мудры запавет,
Што для іх – аснова ўсіх асноў –
Праслаўленне мовы на ўвесь свет.
Слова беларускае заўжды
Змалку песціў сейбіт і ваяр,
За яго ў далёкія гады
Палягло нямерана ахвяр.
Захавайце на сваёй зямлі
Мудрых продкаў запавет такі:
“Каб народам звацца вы маглі,
Мову не губляйце праз вякі!”


















