Н.Чергинец. За секунду до выстрела

Прачытанаму — верыш

“…Не пойму, Рита, откуда у нас такие извери берутся. Пережили тяжёлую войну, детей-сирот не пересчитать, сколько горя все перенесли. Казалось, люди должны стать мудрее, добрее друг к другу…” – разважае галоўны герой кнігі Мікалая Чаргінца “За секунду до выстрела”, малады супрацоўнік міліцыі Уладзімір Славін.

А праз дзясятак-другі старонак яго больш вопытны калега Гарчакоў заўважыць:

—Нет, браток, до разгрузки ещё далеко. Наша с тобой служба такая, что постоянно не будет времени хватать. Всегда нужно будет куда-то спешить, и не всегда спать придётся. Но что поделаешь – такая судьба нам досталась! Не иметь покоя ради покоя других…

Гэтыя дзве цытаты як нельга лепш адлюстроўваюць сюжэтную лінію кнігі пісьменніка пра нялёгкія будні беларускай міліцыі ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. Зрэшты, не толькі беларускай. Гераічныя, часам драматычныя, нярэдка – рамантычныя, амаль заўсёды – захапляльна-прыгодніцкія падзеі твора адбываюцца не толькі ў аколіцах Камароўкі ды іншых вядомых мясцін Мінска, Гродна, Кобрына, але і ў сібірскім пасёлку Мар’янск, і ў Абхазіі…

Малады оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку лейтэнант Славін прыбывае ў глухі таёжны пасёлак на сваё першае службовае месца і ўжо праз дзень уключаецца ў нялёгкую работу па абароне насельніцтва ад пасягальніцтваў зламыснікаў на правы і абавязкі грамадзян. Разам са старэйшымі калегамі ён знаёміцца з бытам і норавамі месцічаў. Пачынае з расследавання простых спраў – сямейны скандал, крадзёж з магазіна, падлеткі, што не ў ладах з законам. А потым – больш гучныя і складаныя: серыя нападзенняў на адзінокіх пажылых людзей, пошукі беглых рэцыдывістаў, грабяжы ў банках, выкрыццё былых пасобнікаў фашыстаў…

Падзеі разгортваюцца імкліва, кніга чытаецца на адным дыханні. Аўтар трапнымі кароткімі радкамі дае характарыстыкі сваім галоўным героям ( а сярод іх аматары творчасці М. Чаргінца пазнаюць знаёмыя па раману “Вам – задание” вобразы маёра Мачалава, капітана Купрэйчыка, маёра Алтыніна, іншых) і антыгероям. Тут не ўсё відавочна і не заўсёды падпарадкавана традыцыйным уяўленням пра станоўчых і адмоўных дзеючых асоб. Вось сямейны дэбашыр вадзіцель Мартаў перавыхоўваецца і аказвае супрацоўнікам міліцыі садзейнічанне ў пошуку злачынцы. А вось намеснік начальніка райаддзела міліцыі, гатовы дзеля добрай справаздачнасці і ўласнай кар’еры падштурхнуць хлопцаў на злачынства, зламаўшы іх лёсы, а не дапамагчы ім выблытаццца са складанай жыццёвай сітуацыі.

У жорсткіх умовах пасляваеннага бязладдзя, на ўласных поспехах і памылках выкрышталёўваюцца характары супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Пісьменнік не абмяжоўваецца іх службовымі характарыстыкамі, хаця часам баявыя дзеянні і разгортваюцца па прыкладзе лаканічных рапартаў-данясенняў, а дае магчымасць чытачам паназіраць за логікай мыслення герояў, нібы падштурхоўваючы іх да правільнасці прыняцця таго ці іншага рашэння. Так, часам сітуацыі ў рамане нагадваюць сюжэтныя лініі вядомай кінааповесці “Месца сустрэчы змяніць нельга”, асабліва калі апісваецца крымінальнае асяроддзе, куды трапляюць і нашы героі, але яны больш рэалістычныя, бо – рознапланавыя, не абавязкова “чорныя” ці “белыя”.Немагчыма не захапляцца ўчынкам Славіна, які, не дачакаўшыся сапёраў, адважваецца самастойна вынесці гранату без чакі, што не разарвалася і засела ў адзенні хлопчыка. Выклікаюць суперажыванне боль і крыўда маёра Мачалава, які вынес з ледзяной купелі другога хлапчука, але выратаваць яго жыццё не атрымалася. А вось капітан Курэйчык, трапіўшы ў банду, прыкладае намаганні выпіваць нараўне з крымінальнымі элементамі (інакш не станеш тут “сваім”) і не п’янець, а пазней, ужо з пуцёўкай на адпачынак у Сочы ў кішэні, забывае пра ўсё і праследуе рабаўнікоў банка, трагічна гіне…

Праз суровыя выпрабаванні, на мяжы страху і доблесці, няўпэўненасці і адказнасці перад службовым абавязкам, маральнага выбару і безразважнага бяссташша, праходзяць экзамен на сталасць, прафесійную годнасць, гераізм героі Мікалая Чаргінца. Лейтэнат Славін становіцца палкоўнікам, займае пасаду начальніка крымінальнага вышуку горада Мінска, на пытанне жонкі пра што задумаўся адказвае ў канцы кнігі: “Задумался о жизни. Трудная и сложная она, но интересная”.

Падзеям кнігі “За секунду до выстрела” верыш, бо яны – рэалістычныя, дынамічныя, вострасюжэтныя. Вялікі асабісты вопыт аўтара, дасканалае веданне прыёмаў і метадаў барацьбы з арганізаванай злачыннасцю дапамагаюць яму захапіць чытача ў палон з першых старонак кнігі і трымаць у захапляльнай напружанасці на працягу ўсяго чытання. А гэта і ёсць найлепшая ацэнка дзейнасці творцы.

Віктар Сабалеўскі

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.