Літаратурны дыялог

У жніўні працягваецца рэспубліканская акцыя “Лета з добрай кнігай”, удзел у якой прымаюць і пісьменнікі Мінскай вобласці.

Першы дзень месяца быў адметным для мяне менавіта таму, што я зноў сустрэлася з юнымі талентамі Заслаўскай сярэдняй школы № 1, якую калісь скончыла сама, пабачыла, чым яны, акрамя літаратурнай творчасці, займаюцца падчас летніх канікулаў. Зараз 20 яе старшакласнікаў навучаюцца тут правілам бяспекі па праграме Заслаўскага гарадскога Цэнтра па надзвычайных сітуацыях. Расказала ім пра дзейнасць Саюза пісьменнікаў Беларусі, свае творчыя здабыткі, пра выдадзеныя за апошнія два гады калектыўныя агульнагарадскія зборнікі, куды ўвайшлі літаратурныя творы вучняў усіх трох сярэдніх навучальных устаноў горада: “Струмені заслаўскай крынічкі” (2016), “Нашчадкі Рагнеды” (2017).

Калі я з удзячнасцю ўзгадала сваіх былых настаўнікаў,  у размову актыўна ўключылася і настаўніца Паклонская Алена Віктараўна, якая таксама прысутнічала на сустрэчы. Разам з ёй мы з цеплынёй узгадалі сваю былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Драздоўскую Вікторыю Пятроўну, якая з любоўю выкладала родную мову.

Калі я адкрыла «Змест» першага і другога калектыўных зборнікаў і агучыла прозвішчы яго юных аўтараў – вучняў Сярэдняй школы №1, мае слухачы ўзрушыліся, ажывіліся, бо сярод тых, каго я называла, былі іх аднакласнікі, сябры. Зацікаўленасць выклікала і тое, што ў зборніку быў прадстаўлены таксама і настаўнік школы, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Тарасевіч Вячаслаў Леанідавіч.  Усе прысутныя пажадалі пачуць яго верш «Радзіма». Далей пасыпаліся просьбы, каб я прачытала вершы аднакласнікаў і проста знаёмых вучняў. Адначасова вучні задавалі шмат пытанняў пра тое, як выдаваліся зборнікі, аб працы над ім, з чго складаецца кошт выдання.

Пасля я прачытала вучням шэраг сваіх вершаў на беларускай і рускай мовах, якія дзеці таксама зацікаўлена слухалі.

Напрыканцы сустрэчы я прапанавала ўсім прысутным, якія таксама спрабуюць пісаць вершы, казкі, дасылаць іх мне на маю электронную пошту, бо і ў наступным годзе я планую выдаць трэці калектыўны зборнік дзіцячай літаратурнай творчасці. Яшчэ я запрасіла ўсіх зацікаўленых і іх сяброў, якія таксама пішуць, на заняткі ў вочна-завочную школу «Са-творчасць», якая працуе пры Мінскім абласным аддзяленні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

У маім сэрцы засталася цеплыня ад сустрэчы са сваім дзяцінствам у сценах роднай школы, ад шчырых суразмоўцаў.

Напрыканцы я прапаную вам некалькі фотаздымкаў, якія зрабіў падчас мерапрыемства настаўнік фізкультуры Бразгун Максім Вадзімавіч.

Святлана Быкава,

паэтэса, старшыня Мінскага  

абласнога аддзялення ГА «Саюз 

пісьменнікаў Беларусі»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.