“Мая Радзіма”: Анталогія любові да Айчыны
Цікавы літаратурна-мастацкі зборнік выйшаў у Выдавецкім доме “Звязда” – “Мая Радзіма”.
Пад адной вокладкай прадстаўлены паэзія, проза, публіцыстыка 26 сучасных пісьменнікаў Беларусі. Укладальнік кнігі – першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Вось што яна піша, у прыватнасці, у прадмове: “Асаблівасць гэтага зборніка яшчэ і ў тым, што, трымаючыся за падмурак нацыянальнай спадчыны, у тым ліку і літаратурнай, пісьменнікі-сучаснікі прадстаўляюць повязь пакаленняў у лучнасці з новымі жыццёвымі абсягамі. Паняцце Радзімы дзякуючы майстрам слова становіцца яшчэ больш ёмістым, глыбінным, па-свойму нават сакральным…” Пра сваю радзіму, свой родны куточак і пра нашу вялікую Айчыны пішуць Міхась Башлакоў, Хведар Гурыновіч, Віктар Гардзей, Навум Гальпяровіч, Сяргей Давідовіч, Алесь Жыгуноў, Георгій Марчук, Казімір Камейша, Людміла Кебіч, Алесь Карлюкевіч, Марыя Кобец, Уладзімір Мазго, Мікола Маляўка, Наталля Касцючэнка, Змітрок Марозаў, Міхась Пазнякоў, Ігар Пракаповіч, Алесь Марціновіч, Дзмітрый Пятровіч, Яўген Хвалей, Алена Стэльмах, Мікола Чарняўскі, Мікола Шабовіч, Уладзімір Саламаха, Віктар Шніп, Іван Юркін. Ілюстрацыямі да кнігі служаць фотаздымкі прызнаных майстроў бачыць прыгожае Яўгена Пясецкага і Уладзіслава Цыдзіка.
Звяртаючыся, як правіла, да сваіх родных вытокаў, пісьменнікі імкнуцца перадаць наступнікам, усім чытачам запаветы любіць Радзіму, шанаваць роднае. І як не паўтарыць следам за паляшучкай – паэтэсай, якая выхавана Берасцейшчынай, Піншчынай, Марыяй Кобец:
Мне неба тваё найясней,
Радзіма мая малая!
Смарагдавай ранняй вясне,
Вясковай тваёй, прысягаю…
Відавочна, што кніга “Мая Радзіма” можа смела прэтэндаваць на добры літаратурна-мастацкі падручнік для арганізацыі выхаваўчай працы ў агульнаадукацыйнай школе. Асабліва – для тых педагогаў, якія шануюць і любяць роднае беларускае слова.
Кастусь Ладуцька
Крыніца: “Сугучча”