Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Лёля БАГДАНОВІЧ
Лёля БАГДАНОВІЧ
ЛІХАЛЕЦЦЕ…
Часоў мінулых ліхалецце
Журбы і болю напамін –
Наскрозь пранізвае і сведчыць
Бязмежжа жудасных хвілін.
Калі ў дзяцей дзеля забавы
Страляў свядома п’яны кат,
Ашчэрыўшы свой рот іржавы,
Траіх скасіў умомант гад.
У нашай цёткі Лізаветы
Ссівела маці ў той жа міг!
Ляжаць, абняўшыся дагэтуль
Нечалавечых здзек трыпціх…
І вочы вылінялі ў цёткі
Ад тых няўцешна-горкіх слёз.
На могілках цукеркі ў сподку
Такі малечам выпаў лёс…
А трое бабчыных сыночкаў
Навек сышлі ў нямыя сны.
Заплюшчыла старая вочы,
Не ведаючы, дзе яны
Злажылі крылы тэрмінова.
Сціскае сэрцайка абруч,
І памяць зрушвае нанова
З крывёй абвенчаны сургуч…
Амаль у кожнай хаце гора
Вайна тады далася ўсім.
Ушчэнт спаліўшы мары, вораг
Рассеяў іх, нібыта дым.
Супольна ўсё адбудавалі,
На ногі сталі і пайшлі
Да тых вяршынь, у тую далеч,
Дзе мары макамі цвілі.
І зноў блакітныя нябёсы
Вясёлкай вышыты ўгары.
Снуюць буслы над сенакосам
І дзеткі носяцца ў двары…
БАЛЮЧЫ ЎСПАМІН…
(Памяці дзядзькі, Багдановіча Уладзіміра,
які юным загінуў на вайне)
Сцяжынкай вузкаю іду да абеліска –
Бабульчын тут ляжыць малодшы сын.
Штоноч люляе зорная калыска
Мінулых дзён балючы успамін…
Пад цяжкаю плітой замураваны,
І пакахаць наўрад ці ён паспеў.
Спявае салавей, як апантаны,
А дзядзька мой навекі анямеў…
У роспачы стаю ля абеліска,
І слёзы выядаюць вочы мне.
Люляе юнака нябесная калыска
Ў халодным чорна-белым вечным сне…
РЭХА ВАЙНЫ…
Вайны знявечанае рэха
Наскрозь пранізвае гады.
Стралялі ў дзетак для пацехі,
Знішчалі вёскі, гарады.
Старых, жанчын і немаўлятак
Жывымі спальвалі ў агні…
Званы Хатыні б’юць набатам
Пра тыя жудасныя дні.
І вось нарэшце – перамога!
Нялёгкім да яе быў шлях.
Перажылі занадта многа
І голад зведалі, і жах.
Жыве ў радасці і ў згодзе
Наш мужны, доблесны народ.
Пад гукі сонечных мелодый
Мацуе сілы з году ў год!
***
Свет без гвалту, без вайны,
Свет дабра і цішыні,
І кахання, і спакою,
І вясновага настрою.
Пераможны май прыйшоў!
Свет – у квецені садоў.
Смех да самых зор ляціць.
Будзьма, людзі, у міры жыць!