Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ»

 

Амаль 75 год аддзяляе нас ад пераможнага  дня  9 мая 1945 года. І сёння, як ніколі, ажывае памяць людская, вяртаецца да часоў ваеннага ліхалецця, да герояў вайны, да іх сілы духа і волі, якія дапамаглі выстаяць чалавецтву ў жудасным супрацьстаянні “карычневай чуме”.

Узнёслыя Словы паэтаў, пісьменнікаў, нібыта зернейкі, заўсёды кладуцца ў сэрцы чытачоў, каб прарасці ў іх удзячнасцю да тых, хто змагаўся і выстаяў у часы ваеннай навалы, каб падтрымаць сілу духа, веру і ўпэўненасць сучаснікаў у перамогу над любымі выпрабаваннямі дня сённяшняга.

Пісьменнікі Міншчыны знаходзяцца ў авангардзе тых сіл, якія нясуць моц літаратурнага Слова да людзей. Сваеасаблівым пацвярджэнем гэтага з’яўляецца калектыўны зборнік літаратурных твораў Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пад назвай “Няўжо забыцца можна пра вайну…”, які хутка пабачыць свет. Ён складзены з твораў пісьменнікаў Міншчыны, дасланых у мінулым годзе на конкурс «Героі Вялікай Перамогі», што праводзіла Мінскае абласное аддзяленне і які быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сёння мы распачынаем літаратурны марафон, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі: будзем публікаваць на старонках сайта пісьменніцкай арганізацыі  Міншчыны і старонцы аддзялення, якая існуе на сацыяльнай сетцы  “Facebook”, творы з гэтага зборніка.

Першая падборка вершаў належыць пяру Эльвіры Ярчак – паэтэсы, радок аднаго з вершаў якой  і даў назву зборніку.

***

Няўжо забыцца можна пра вайну,

Пра Бухенвальд, Хатынь, альбо Асвенцым,

Гарачы прысак чалавечых сэрцаў

І пра Рэйстага чорную сцяну.

Няўжо забыцца можна пра вайну,

Пра вогненныя сполахі над вёскай,

Бацькоў нашых загубленыя вёсны

І маму над калыскаю адну.

Няўжо забыцца можна пра вайну

І пра дзяцей вайны – пра нас з табою,

Уратаваных ад пакут і болю,

Каб вораг нашы душы не сагнуў.

Няўжо забыцца можна пра вайну

І пра акопы – у лясах пад Мінскам,

Пра помнікі, магілы, абеліскі,

Пра тых, каго дадому не вярнуць…

Няўжо забыцца можна пра вайну,

Пра светлы дзень Вялікай Перамогі,

Які прайшоў па франтавых дарогах,

Каб падарыць нам мірную вясну, –

Няўжо забыцца можна пра вайну?!

 

ВЕТЭРАНАМ

Ужо і дзеці сталі ветэранамі

Удзельнікаў Айчыннае вайны,

І выраслі руплівымі, стараннымі

Тых воінаў дачушкі і сыны.

Ды па начах і сёння прачынаюцца

Ад бліскавіц вясноваю парой:

Вайна, здаецца, зноўку пачынаецца,

Грукоча кананада за гарой.

О пакаленне, горкае, сіроцкае,

Бязбацькавічаў неслухмяных род…

Мы выраслі, як пушча Налібоцкая,

Мы выжылі, і сёння мы — народ.

І мы шануем дзіды нашых прадзедаў,

І ганарымся мужнасцю бацькоў,

Зямелькай, што ў спадчыну нам дадзена,

Каб жыць на ёй свабодна, без акоў.

І сябраваць не толькі са славянамі –

Усе зямляне – нашы землякі.

Са святам Перамогі, ветэраны вас,

Са святам вас, і дзеці, і бацькі!

 

ДЗЕЦІ ВАЙНЫ

(памяці Алы і Аляксандра Бароўскіх)

 Няўжо цябе няма між нас,

Такой прыгожай, энергічнай,

Няўжо пагасла твая знічка

У той асенні сумны час?

Заступніка твайго абраз

Не ўратаваў цябе ад болю.

Туляецца ў нябесным полі

Асірацелы твой Пегас.

І разляцелася сям’я

Па гарадах і кантынентах.

Сяброўка мілая мая,

Ты застанешся добрай, светлай

У нашай памяці заўжды.

Зноў зацвітуць вясной сады

Ля хат і каля школы нашай,

Дзе пажаніліся вы з Сашам.

Пасля вайны, у тое лета.

Вы, як Рамэо і Джульета,

Для ўсіх малінаўцаў былі,

Сям’ю, каханне збераглі

Аж да вяселля залатога.

Хоць скончана жыцця дарога,

Ды не канчаецца Любоў

Заручаных па волі Бога, —

Яны вярнуліся дамоў:

Непадалёку ад капліцы,

Што на Малінаўскіх кладах,

Спяць вечным сном ва ўзросце сталым

Дзеці вайны – Аляксандр і Ала.

 

БАРАЎЛЯНЫ

Мае Бараўляны – з дзяцінства знаёмы мне край.

Прыгожы пасёлак. Катэджаў дабротных рады.

Тут радуе вока бярозавы сонечны гай.

І вабяць увосень “малінаўкай” спелай сады.

Спрадвеку тут добрыя людзі суладна жылі,

Аралі зямлю, паліваючы потам, крывёй,

Спрадвеку ў пашане сумленне і праца былі

Па ўсёй Беларусі і ў роднай старонцы маёй.

Тут плачуць бярозы, асіны пад ветрам трымцяць.

Акопы, як раны, на мілай бацькоўскай зямлі,

Бо прагнуў не раз яе вораг мячом зваяваць,

Ды орды чужынцаў яе пакарыць не змаглі.

Калі вас закруціць жыццё безнадзейнасцю спраў,

Наведайце вёску – і вы адпачнеце душой:

Бары ў Бараўлянах сустрэнуць вас водарам траў,

Духмянай малінай і засенню елак і хвой.

 

 Прэс-служба МАА ГА СПБ