Канстанцін Бальмонт: пераклады на беларускую мову
Канстанцін Дзмітрыевіч Бальмонт(1867-1942) – знакаміты рускі паэт-сімваліст, класік літаратуры “сярэбранага” стагоддзя, перакладчык з многіх моў, аўтар мноства паэтычных зборнікаў, артыкулаў і нарысаў.
Нарадзіўся 15 чэрвеня 1867 года ў вёсцы Гумнішчы Уладзімірскай губерніі, дзе жыў да 10 гадоў. Бацька Бальмонта працаваў суддзёй, затым – кіраўніком у земскай управе. Любоў да літаратуры і музыкі будучаму паэту прывіла маці. Калі старэйшыя дзеці пайшлі ў школу, сям’я перабралася ў г. Шуя. У 1876 годзе Бальмонт навучаўся ў Шуйскай гімназіі, але ў хуткім часе цікавасць да набыцця ведаў зменшылася, і ён усё больш увагі стаў надаваць чытанню. Пасля выключэння з гімназіі за рэвалюцыйныя настроі, Бальмонт перавёўся ў г. Уладзімір, дзе вучыўся да 1886 года. У гэтым жа годзе ён паступіў у Маскоўскі універсітэт на юрыдычнае аддзяленне. Вучоба там была нядоўгай — праз год яго выключылі за ўдзел у студэнцкіх беспарадках.
Свае першыя вершы паэт напісаў дзесяцігадовым хлопчыкам, але маці раскрытыкавала яго пачынанні, і Бальмонт наступныя шэсць гадоў не рабіў спробы што-небудзь пісаць. Упершыню вершы паэта былі надрукаваныя ў 1885 годзе ў пецярбургскім часопісе «Маляўнічы агляд».
Напрыканцы 1880-х Бальмонт распачаў займацца перакладамі. У 1890 годзе з-за бядотнага фінансавага становішча і няўдалага першага шлюбу Бальмонт спрабаваў скончыць жыццё самагубствам – выкінуўся з вакна, але застаўся жывы. Год праляжаў у ложку, але нават у такім стане працягваў тварыць.
Дэбютны зборнік вершаў (1890) паэта не выклікаў цікавасці ў грамадскасці, і паэт знішчыў увесь наклад.
Найбольшы росквіт творчасці Бальмонта прыходзіцца на 1890-я гады. Ён шмат чытае, вывучае мовы і падарожнічае.
Даволі актыўна займаецца перакладамі: у 1894 годзе перакладае “Гісторыю скандынаўскай літаратуры” Горна, у 1895-1897 – “Гісторыю італьянскай літаратуры” Гаспара.
У 1894 годзе К.Бальмонт выдаў зборнік паэзіі “Пад паўночным небам”, пачаў друкаваць свае творы ў выдавецтве “Скарпіён”, часопісе “Шалі”. Неўзабаве з’яўляюцца новыя кнігі – “У неабсяжнасці” (1895), “Цішыня” (1898).
Пабраўшыся шлюбам у другі раз у 1896 годзе, творца з’язджае ў Еўропу. Некалькі гадоў ён падарожнічае. У наступным годзе ён ужо ў Англіі — чытае лекцыі па тэматыцы рускай паэзіі.
Чацвёрты па ліку зборнік паэзіі Бальмонта “Будзем як сонца” выйшаў у 1903 годзе. Зборнік прынёс поспех аўтару. Напачатку 1905 года Канстанцін Дзмітрыевіч падарожнічае па Мексіцы, затым едзе ў Каліфорнію.
Бальмонт прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, у асноўным выступае перад студэнтамі. Пазбягаючы арышту, паэт з’язджае ў Парыж.
Пабываўшы ў Грузіі ў 1914 годзе, Канстанцін Бальмонт пераклаў на рускую мову паэму Ш. Руставелі “Віцязь у тыгровай скуры”, а таксама шмат іншых твораў грузінскіх паэтаў.Праз год ён ужо ў Маскве, шмат ездзіць па краіне з лекцыямі.
У 1920 годзе з-за дрэннага самаадчування трэцяй жонкі і дачкі, К.Бальмонт паехаў з імі ў Францыю. Больш у Расію ён не вяртаўся. У Парыжы Бальмонт публікуе яшчэ 6 зборнікаў сваіх вершаў, а ў 1923 годзе – аўтабіяграфічныя кнігі: “Пад новым сярпом”, “Паветраны шлях”.
Паэт сумаваў па Расіі і не раз шкадаваў, што з’ехаў. Гэтыя пачуцці адлюстроўваліся ў яго паэзіі таго часу. Жыццё на чужыне стала яшчэ цяжэй, узніклі праблемы з грашыма. Здароўе паэта пагоршылася: урачы выявілі сур’ёзнае псіхічнае захворванне.
Жывучы ў беднасці ў прадмесці Парыжа, ён больш не пісаў, а толькі зрэдку чытаў.
23 снежня 1942 года ў Нуазі-ле-Гран, непадалёк ад Парыжа, у прытулку “Рускі дом” Бальмонт памёр ад запалення лёгкіх.
Бальмонт Канстанцін
Эдэльвейс
Я з блакітных вышынь аглядаю зямлю:
Эдельвейса я позірк нябесны лаўлю,
Вольны ён ад цяжару зямных кайданоў,
Нібы сон сарамлівы адвечных снягоў.
На зямлю з неабсяжнай сінечы гляджу –
Моўчкі марамі я спаталяю Душу.
А Душа, як узношуся я да вышынь,
Мільгаціць у гарах над снягамі вяршынь.
На зямлі апынуся праз нейкі час зноў,
Не пакінуўшы ў снезе ніякіх слядоў.
Нібы помнік Сусвету – яго глыбіні,
Эдэльвейса ўва мне прарастуць карані.
Матылёк
Успамінаю – бы ўчора было:
Біўся матыль у акенца.
Крыльцамі стукаў аб тонкае шкло –
Быццам бы білася сэрца.
Мне пяць гадоў. Май наўкола звініць.
Дом старадаўні бацькоўскі.
Я тады вязню магчымасць даў жыць –
Выпусціў у сад па-сяброўску.
“Добрыя справы рабіў?” – незнарок
Бог пасля смерці спытае.
Крыльцамі вольна ўзмахне матылёк,
Нібы ў адказ на пытанне.
Лебедзь
У затоцы спіць вада гуллівая,
І чарот прыснуў даўно ў цішы.
Песня над вадой гучыць тужлівая,
Як апошні ўздых душы.
Гэта плача лебедзь – паміраючы,
Размаўляе са сваім былым.
А на небе вечар, дагараючы,
Пыхне – і вісіць, як дым.
Льюцца скаргі гучныя, самотныя –
У грудзях збалелых сэрца рвуць.
Бо надумала душа гаротная
Што не вернецца – вярнуць.
Дні кахання, як і дні маркотныя,
Вера, спадзяванні і любоў
Праляцелі снамі незваротнымі –
Ім ужо не ўспыхнуць зноў.
Лебедзь тое, што яму не выправіць,
Зліў у свой апошні, сумны спеў.
Мо хацеў у хваль азёрных вымаліць
Прабачэнне, што не ўсё паспеў?
Як заміргацелі зоркі мілыя,
І на возера прыпоўз туман з балот,
Гукі песні сталі больш панылыя,
І зашамацеў чарот.
Лебедзь песню пеў сваю адвечную,
Нібы іншым пакідаў наказ,
Бо ў зрэнках Смерці, перад Вечнасцю,
Ён убачыў праўду ў першы раз.
Запавет быцця
Запытаўся я ў вольнага Ветра:
“Што зрабіць мне, каб быць маладым?”
Адказаў мне, гуляючы, Вецер:
“Лёгкім будзь, нібы вецер, як дым!”
Я спытаў у магутнага Мора:
“Запавет ці падкажаш быцця?”
Адказала мне гучнае Мора:
“Будзь заўжды паўнагучным, як я!”
Запытаў я ў высокага Сонца
“Як мне ўспыхнуць, як ты, на зары?”
Прамаўчала высокае Сонца,
Ды Душа кліч пачула: “Гары!”
Залатая зорка
У нябесных прасцягах яскравая зорка ляцела,
Ды патрапіць у сонныя межы Зямлі захацела.
Спакусілася зорка на кветак блакітныя вочы
І на шоргат лістоў у загадкавай млявасці ночы.
Пралягла залацістая сцежка ў блакіце бяздонным –
Паляцела яна, бы анёл той, злачынна-ўлюбёны.
Чым імклівей ляцела – мацней палымнела ў нябёсах
І згарала ў любові – у горне абранага лёсу.
Пунсавеючы шчасцем, губляла яна свае сілы
І, Зямлі не крануўшыся, стала вясёлкавым пылам.
Вяртанне
Long lines of light …
/Shelley/
Мне хочацца быць далікатным, рахманым,
Няхай, можа ў іншым – ды дзіцем зноў стаць.
У райскай краіне, на светлай паляне
Бяздоннем, бязбрэжжам сябе наталяць.
Мне хочацца зноў дрыгацення арэляў
У ліпавым гаі, ля вёскі маёй,
Дзе ўранні ў тумане фіялкі сінелі,
Дзе думкі так дзіўна вілἴся вясной.
Калісьці любіў я вар’яцкія ласкі,
Ды толькі той пыл назаўжды ў сэрцы сціх.
Люблю цяпер вечар, і ціхія казкі,
І вочы дзіцяці, і зорачкі ў іх.
Пераклад з рускай мовы Святланы Быкавай

















